Кіраўнік МЗС Украіны сказаў, чаму Расея можа пагадзіцца на абмен палоннымі

Міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін лічыць, што падчас футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі Ўкраіна можа атрымаць згоду на вызваленьне яе палітвязьняў і абмен закладнікамі з Расейскай Фэдэрацыяй.​

Аб гэтым кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны паведаміў 17 чэрвеня ў эфіры «5 каналу».

«Жэст магчымы, але жэст ня добрай волі, а каб палепшыць імідж Расеі падчас чэмпіянату. Чэмпіянат мы павінны выкарыстоўваць, але і далей павінны працаваць», — адзначыў Клімкін.

Клімкін адзначыў, што ня варта разьлічваць на хуткае вызваленьне ўкраінскіх палітвязьняў.

«Мы выдатна разумеем, што ў бліжэйшыя дні і тыдні ўсё роўна ўсіх Расея ня выпусьціць. І будзе далей выкарыстоўваць іх як сродак ціску», — дадаў кіраўнік МЗС.

Актывісты ва Ўкраіне і сьвеце патрабуюць ад Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна вызваліць Алега Сянцова ды іншых незаконна зьняволеных украінцаў. Акцыі ў падтрымку праходзяць у многіх краінах і на розных кантынэнтах пад споклічамі #FreeOlegSentsov і #SaveOlegSentsov.