У Крамлі пракамэнтавалі словы дэпутаткі пра сэкс з замежнікамі

Тамара Плятнёва.

Расейскія жанчыны самі разьбяруцца, зь кім ім уступаць у інтымную сувязь. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы нядаўняе інтэрвію дэпутаткі Тамары Плятнёвай, якая перасьцерагла расеянак ад сэксу з замежнікамі падчас чэмпіянату сьвету па футболе.

У размове з журналістамі Пяскоў таксама зьвярнуў увагу на фразу «няма расізму», якая надрукавана на пашпарце заўзятара.

Напярэдадні Плятнёва, якая ўзначальвае камітэт Дзярждумы па пытаньнях сям’і, жанчын і дзяцей, заявіла, што інтымныя сувязі з замежнікамі прыводзіць да нараджэньня дзяцей у няпоўных семʼях, і нагадала вопыт Алімпіяды-80, які, па яе словах, прывёў да зьяўленьня ў краіне мноства мацярок-адзіночак.

«Добра, калі яшчэ адной расы, а калі іншай расы, то зусім. Мы сваіх дзяцей павінны нараджаць», падкрэсьліла дэпутатка, удакладніўшы, што яна «не нацыяналістка». Заява Тамары Плятнёвай выклікала розгалас у расейскіх СМІ і сацыяльных сетках.