Напярэдадні Дня расейскай мовы кіраўнікі ААН і дыпляматычных місій краін-удзельніц ААН зьнялі і выклалі ў інтэрнэт відэаролікі, дзе яны чытаюць па-расейску ўрыўкі зь вершаў Аляксандра Пушкіна.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў прачытаў урывак зь вершу «Клеветникам России». Ён быў напісаны з нагоды паўстаньня 1830-1831 гадоў, якое адбывалася і на тэрыторыі Беларусі. У ім народы былой Рэчы Паспалітай змагаліся супраць расейскай улады.
У 2015 годзе каля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа адкрылі бюст Аляксандра Пушкіна. Гэтую скульптуру гораду падарыў фонд «Алея Расейскай Славы». На п’едэстале былі зьмешчаныя ўрыўкі з пушкінскіх вершаў «Клеветникам России» і «Я помню чудное мгновенье».
Пасьля скандалу шыльда з радкамі зь верша «Клеветникам России» была дэмантаваная. Кіраўнік праекту «Алея Расейскай Славы» Міхаіл Сердзюкоў тады сказаў Свабодзе, што не хацеў абразіць беларусаў вершам Пушкіна пра здушэньне паўстаньня 1830–31 гадоў.