Прэзыдэнт ЗША раскрытыкаваў культавага амэрыканскага актора

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абрынуўся з рэзкай крытыкай на актора Робэрта Дэ Ніра, назваўшы яго «чалавекам зь вельмі нізкім IQ».

Выступаючы на цырымоніі ўручэньня тэатральных прэміяў «Тоні» у нядзелю, Дэ Ніра ўжыў нецэнзурную лаянку ў адрас Трампа. У панядзелак актор папрасіў прабачэньня перад канадцамі за «ідыёцкія паводзіны майго прэзыдэнта».

Трамп адказаў актору праз Твітэр пасьля вяртаньня з саміту з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам у Сынгапуры.

Робэрт дэ Ніра

Трамп напісаў, што Дэ Ніра, які быў удастоены прэміі «Оскар» за ролю ў фільме 1980 «Raging Bull», «прапусьціў занадта шмат удараў у галаву ад сапраўдных баксёраў у фільмах».

Прэзыдэнт напісаў, што яму здалося, што Дэ Ніра як быццам «паплыў ад удараў». «Апамятайся, стукнуты!» — дадаў ён.