Трамп: Расея павінна ўдзельнічаць у саміце «Вялікай сямёркі»

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў за тое, каб Расея была прадстаўленая на саміце «Вялікай сямёркі». Як паведамляе Reuters, пра гэта ён заявіў перад адлётам у Канаду, дзе сёньня адкрываецца сустрэча лідэраў сямі найбольш індустрыяльна разьвітых дэмакратычных краін сьвету.

Паводле Трампа, «Вялікая сямёрка», якая раней была «Вялікай васьмёркай» і якая «выгнала Расею», «павінна вярнуць Расею, бо Расея патрэбна нам за сталом перамоваў».

Прапанову амэрыканскага прэзыдэнта ўжо падтрымаў новы прэм’ер Італіі Джузэпэ Контэ, — паведамляе Reuters.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла на гэтым тыдні, што была б рада, калі Расея вярнулася б у «васьмёрку», але пакуль гэта немагчыма, бо сяброўства ў арганізацыі несумяшчальна з грубымі парушэньнямі міжнароднага права.

Да 2014 году Расея ўдзельнічала ў самітах разам з ЗША, Брытаніяй, Нямеччынай, Францыяй, Італіяй, Японіяй і Канадай. Арганізацыя тады называлася «Вялікая васьмёрка». Сяброўства Расеі было прыпынена пасьля анэксіі Крыму.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у адказ на заяву Трампа сказаў, што ўдзел у саміце «сямёркі» не зьяўляецца для Расеі «прыярытэтам».

На сустрэчы ў Канадзе, як чакаецца, лідэры «сямёркі» будуць абмяркоўваць пяць галоўных тэм — эканамічны рост, зьмену тэхналягічнага ладу, гендэрную роўнасьць, барацьбу са зьменамі клімату і «пабудову больш мірнага і бясьпечнага свету». У рамках апошняй тэмы, як чакаецца, будуць абмяркоўвацца і дзеяньні Расеі ва Ўкраіне і ў Сырыі.

Чакаецца, што большасьць удзельнікаў саміту выступяць супраць рашэньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа увесьці мыты на ўвоз сталі і алюмінію з Эўропы і Канады. Акрамя таго, у Трампа і ягоных партнэраў з Эўропы, Канады і Японіі ёсьць рознагалосьсі па пытаньні аб барацьбе са зьменамі клімату.

Белы дом ужо паведаміў, што Трамп пакіне саміт да яго завяршэньня, патлумачыўшы гэта неабходнасьцю падрыхтоўкі сустрэчы з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам ў Сынгапуры.