Памерла кінарэжысэрка Кіра Муратава

КІра Муратава (архіўнае фота)

Сёньня, 6 чэрвеня, памерла вядомая ўкраінская рэжысэрка Кіра Муратава.

Пра гэта са спасылкай на мужа Муратавай, Яўгенія Галубенку, паведаміў украінскі сайт buro247.ua і ўкраінскае выданьне «Новое время», якое спасылаецца на ўласныя крыніцы, а таксама напісаў у Фэйсбуку журналіст і тэлепрадусар Юрый Мінзянаў.

Муратава нарадзілася ў 1934 годзе. У 1959 годзе скончыла рэжысэрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытуту кінэматаграфіі. У 1961 годзе стала працаваць рэжысэрам на Адэскай кінастудыі. Як сцэнарыст і рэжысёр дэбютавала ў 1962 годзе з кароткамэтражным фільмам «У стромкага яра».

Знятыя ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х фільмы «Кароткія сустрэчы» і «Доўгія праводзіны» выйшлі ў шырокі пракат толькі ў 80-я, у часы перабудовы.

У 1990 годзе карціна Муратавай «Астэнічны сындром» атрымала Гран-пры Бэрлінскага кінафэстывалю. Апошнімі працамі рэжысёра сталі драмы «Мэлёдыя для катрынкі» (2009) і «Вечнае вяртаньне. Кастынг» (2012).

У 2015 годзе яна заявіла, што сыходзіць з кінэматографа.

Апошнія гады Муратава жыла і працавала ў Адэсе.

Пасьля анэксіі Крыма Муратава казала, што пра яго трэба забыцца да моманту, пакуль не разваліцца Расея.

У 2015 годзе ў інтэрвію «Новой газете» Муратава казала, што прымае бок Украіны ў ваенным канфлікце на ўсходзе краіны, але дадала што «ніякая тэрыторыя ня вартая таго, каб за яе забіваць, нават калі гэтую тэрыторыю называюць радзімай».