Рэжысэр Кантэр скончыў самагубствам, — украінская паліцыя

Леанід Кантэр

На Чарнігаўшчыне ў выніку агнястрэльнага ранення сканаў ўкраінскі рэжысёр Леанід Кантэр. Паводле папярэдніх дадзеных, Кантэр скончыў жыцьцё самагубствам.

Гэтую інфармацыю каналу «Громадське телебачення» пацьвердзілі ў паліцыі Чарнігаўскай вобласьці. Таксама факт гібелі Кантэра пацьвердзіла ягоная калега Кацярына Мізіна.

Паведамленьне ў паліцыю паступіла 4 чэрвеня, каля 22 гадзін. На месцы паліцыя знайшла перадсьмяротную запіску і агнястрэльную зброю.

Леанід Кантэр быў рэжысэрам фільму «Міт» пра Васіля Сьліпака, опэрнага сьпевака і ўдзельніка баявых дзеяньняў, які загінуў на Данбасе.

Адзін з самых вядомых мастацкіх праектаў Леаніда Кантэра называўся «З табурэтам да акіяну». Удзельнікі​ вандравалі ад гораду да гораду, ад вёскі да вёскі, дзе спантанна гралі спэктаклі. Сымбалем экспэдыцыі быў звычайны драўляны табурэт, які выкарыстоўвалі ў часе спэктаклю як міні-дэкарацыю. Пасьля Кантэр разам зь беларусамі Аўгіньняй Манцэвіч і Ўладзіславам Юрковым удзельнічаў у кругасьветным падарожжы «З табурэтам праз кантынэнты».