У Аўганістане знойдзены савецкі лётчык, самалёт якога быў зьбіты ў 1987 годзе. Пра гэта паведаміў кіраўнік Саюзу дэсантнікаў Расеі генэрал-палкоўнік Валеры Вастроцін, якога цытуе РИА Новости.
Паводле віцэ-старшыні расейскага Камітэту ў справах воінаў-інтэрнацыяналістаў Вячаслава Калініна, лётчык, імя якога не называецца, «хоча вярнуцца на радзіму». «Дзіўна ня толькі тое, што ён застаўся жывым пасьля таго, як ягоны самалёт быў зьбіты маджахедамі, але і тое, што на працягу дзясяткаў гадоў мы нічога пра яго ня чулі», — падкрэсьліў Калінін. Цяпер ідуць перамовы з аўганскімі ўладамі для пацьвярджэньня асобы лётчыка і арганізацыі яго рэпатрыяцыі ў Расею.
Калі савецкія войскі пакінулі Аўганістан у 1989 годзе, каля 300 вайскоўцаў лічыліся зьніклымі бязь вестак. Каля трыццаці зь іх былі пазьней знойдзеныя.
У сакавіку летась на поўначы Аўганістану знайшоўся ўкраінец Ігар Білакураў, які трапіў у палон у 1988 годзе. У 2013 жывым і здаровым быў знойдзены выхадзец з Узбэкістану Бахрэтдын Хакімаў, якога ў 1980 годзе пасьля цяжкога раненьня выратавалі мясцовыя жыхары.