Дональд Трамп пацьвердзіў сустрэчу з Кім Чэн Ынам 12 чэрвеня

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пацьвердзіў правядзеньне сустрэчы зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам 12 чэрвеня ў Сынгапуры.

Раней паведамлялася, што 27 траўня ў Паўночную Карэю прыбыла група амэрыканскіх афіцыйных асобаў для перамоў аб падрыхтоўцы сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам. Дэлегацыю ўзначаліў былы амбасадар ЗША ў Паўднёвай Карэі Сунг Кім.

Незадоўга да гэтага Трамп заявіў аб адмене сустрэчы з Кім Чэн Ынам, абвінаваціўшы КНДР у недружалюбнай рыторыцы. Аднак затым і Трамп, і дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо далі зразумець, што саміт 12 чэрвеня ў Сынгапуры па-ранейшаму магчымы.

26 траўня на мяжы Паўночнай і Паўднёвай Карэі прайшла сустрэча Кім Чэн Ына з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам. Як заявіў паўднёвакарэйскі прэзыдэнт, Кім Чэн Ын на сустрэчы пацьвердзіў сваю прыхільнасьць дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы і выказаў надзею, што сустрэча 12 чэрвеня адбудзецца і будзе пасьпяховай.