Аляксандар Лукашэнка прапануе Расеі вызначыцца з фарматам прысутнасьці памежнікаў на беларуска-расейскай мяжы. Пра гэта ён заявіў падчас наведваньня памежнай заставы «Дзівін» у Кобрынскім раёне, паведамляе БЕЛТА.
Лукашэнка выслухаў даклад аб становішчы на дзяржаўнай мяжы Беларусі. Асобна ён закрануў сытуацыю на ўсходнім кірунку мяжы.
«Нам нельга прыпадабняцца расейцам. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць»
Як растлумачылі прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту, на дадзеным напрамку няма сталых падразьдзяленьняў органаў памежнай службы, аднак пры паступленьні інфармацыі аб супрацьпраўнай дзейнасьці памежнікі могуць накіравацца на мясцовасьць, у тым ліку ва ўзаемадзеяньні з органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльных падразьдзяленьняў органаў дзяржбясьпекі.
А вось з расейскага боку прысутнічаюць штатныя падразьдзяленьні памежнай службы ФСБ Расеі, якія фактычна нясуць ахову дзяржаўнай мяжы.
«Нам нельга прыпадабняцца расейцам. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расейскай мяжы. Няхай вызначаюцца. Вызначацца — нам не праблема адказаць. Мы гатовыя ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць мяжу — калі ласка. Закрыюць — мы ў адказ таксама павінны ўвесьці кантроль на мяжы, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Гатовыя з намі як з саюзьнікамі, як з роднымі людзьмі размаўляць... А межы — гэта перажытак мінулага, яны карысьці мала даюць для зносін людзей, тым больш паміж расейцамі і беларусамі. Але гэта іх права, гэта іх справа».
Аляксандар Лукашэнка дадаў, што гэта пытаньне ў тым ліку будзе абмяркоўвацца падчас Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, які мае адбыцца ў чэрвені.
«Мы павінны дакладна дамовіцца аб адносінах паміж памежнікамі, — сказаў ён. — Мы цяпер у працэсе вызначэньня нашых сумесных паводзінаў на беларуска-расейскай мяжы. І сьпяшацца нам тут ня трэба. Але тое, што адбываецца, мы павінны бачыць», — сказаў ён.
Скарачаць не памежнікаў, а войска
Кажучы пра аптымізацыю ў Беларусі колькасьці ваенных структур, прэзыдэнт Беларусі таксама даручыў вывучыць магчымасьць пераразьмеркаваньня асабістага складу паміж арміяй і памежнымі службамі, паведамляе БЕЛТА.
«Можа ня трэба імкнуцца ужо занадта скарачацца ў памежных войсках. Усё ж такі яны тут пастаянна ў баявой гатоўнасьці. І навучаньне дай Бог. І для будучыні яны ўсё-ткі людзям даюць больш навыкаў, хоць бы для звычайных мотастралкоў. Можа быць, нам дзесьці арміі падкараціць на 2-3 тысяч, пакінуўшы ім (памежнікам — РС) гэтую колькасьць. Хай яны будуць на кожнай заставе па 5-10 чалавек. Ня лішнія, а каб больш свабодна служыць у нейкім рэзэрве», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, галоўная мэта заключаецца ў больш эфэктыўнай падрыхтоўцы вайскоўцаў. Акрамя таго, ёсьць і іншыя плюсы.
«Тут на заставе яны жывуць, як дома. Няма гэтай усякай дзедаўшчыны, нестатутных адносінаў, — адзначыў Лукашэнка. —Тут вайскоўцаў навучаць лепш, чым у арміі. Сыстэма іншая, і іх менш».