Адкуль у Магілёве «гішпанскія» люкі і як яны дапамаглі выцягнуць мясцовы завод з крызісу

Каналізацыйныя люкі ў Магілёве з надпісам на гішпанскай мове ўжо сталі гарадзкой славутасьцю для найбольш уважлівых мінакоў. Зь імі робяць сэлфі, пра іх расказваюць легенды. Але адкуль яны тут? Свабода адшукала адказ на гэтае пытаньне.

Краязнаўца: «гішпанскія люкі» — знак няўдалай угоды магілёўскіх мэталюргаў з замежным партнэрам

Краязнаўца Анатоль Прасаловіч сьцьвярджае, што наткнуўся на «гішпанскія» люкі ў 1997 годзе, падчас адведзінаў сваякоў у Магілёве. Яго ўвагу яны прыцягнулі сваім выглядам і надпісам «Ayuntamiento de Madrid — alcantarillado» (Гарадзкая рада Мадрыду — каналізацыя. — РС).

«Люкі зробленыя пад даўніну, але на іх відаць пазнака эўрапейскага стандарту якасьці, прынятага ў 1980 гадах. Пачаў высьвятляць, як люкі з гішпанскай моваю занесла ў беларускі горад», — прыгадвае гісторыю свайго адкрыцьця суразмоўца.

«Гішпанскі люк»

Ён высьветліў, што вялікую партыю люкаў зрабілі на Магілёўскім мэталюргічным заводзе для фірмы з Гішпаніі. Замова нібыта не была аплочанай, і прадукцыя засталася ў Магілёве. Пазьней, сьцьвярджае Анатоль, «гішпанскія люкі» перадалі мясцоваму водаканалу, які разьмеркаваў іх па горадзе.

«Каналізацыйных люкаў, вырабленых для Гішпаніі, я налічыў у Магілёве блізу трох дзясяткаў», — кажа краязнаўца.

Вэрсію Анатоля Прасаловіча пра зьяўленьне ў Магілёве «гішпанскіх люкаў» пацьвердзіць не ўдалося.

1990-я выдаліся складанымі для Магілёўскага мэталюргічнага заводу. У 1995 годзе ён трапіў у лік 11 прадпрыемстваў, якія Міністэрства эканомікі разглядала як кандыдатаў у банкруты. Прадпрыемства тады ня здолела адшукаць альтэрнатыву разарваным сувязям пасьля распаду Савецкага Саюзу. Пастаўкі сыравіны для яго скараціліся, а вытворчасьць прадукцыі падала.

Мадрыдзкія люкі для магілёўскай ратушы

На Магілёўскім мэталюргічным заводзе прызналі: люкі з надпісам па-гішпанску — іхная прадукцыя, але ўспомніць, калі яе выраблялі, не змаглі. Затое параілі зьвярнуцца да былога дырэктара Леаніда Маркава, які кіраваў заводам ад 2003 да 2009 году. Карэспандэнт Свабоды адшукаў яго ў Менску.

Леанід Маркаў кіраваў мэталюргічным заводам ад 2003 да 2009 году

​Паводле былога кіраўніка заводу, люкі для эўрапейскіх краінаў на заводзе пачалі масава вырабляць пасьля 2003 году. Тамтэйшы рынак разглядаўся як пэрспэктыўны ў пераадоленьні прадпрыемствам крызісу. Распрацавалі комплексную праграму дывэрсыфікацыі вытворчасьці, каб мінімізаваць залежнасьць ад расейскіх партнэраў.

Выраб люкаў для Эўропы стаў першым этапам у рэалізацыі гэтай праграмы. Леанід Маркаў адзначыў, што для Эўразьвязу завод распрацаваў больш за пятнаццаць найменьняў гэтай прадукцыі. Гэта, паводле яго, «раскансэрвавала» ліцейны цэх, які да свайго спыненьня прыносіў асноўны прыбытак прадпрыемству.

«З 2003 году Магілёўскі мэталюргічны завод вырабіў больш за 650 тон новай прадукцыі — чыгунных люкаў», — адзначалася ў даведніку эканоміка Магілёўшчыны. У 2004 годзе валютныя паступленьні ў параўнаньні з 2003 годам павялічыліся на 154 адсоткі.

Калі ў Магілёве ўзяліся аднаўляць будынак ратушы, адзначыў Леанід Маркаў, мэталюргічны завод вырабіў на замову мясцовага водаканалу партыю «эўрапейскіх люкаў» ды бязвыплатна перадаў іх гораду. Іх дызайн, кажа ён, пасаваў мясьціне вакол ратушы. Гішпанская фраза на люку «Ayuntamiento de Madrid» перакладаецца, як «Мадрыдзкая ратуша».

Магілёўская ратуша спрычынілася да зьяўленьня ў Магілёве «гішпанскіх» люкаў

«Эўрапейскія люкі» сталі ўнёскам заводу ў аднаўленьне зьнішчанага помніка архітэктуры і сымбалю магдэбурскага права. Такім чынам, яны трапілі на магілёўскія вуліцы менавіта дзеля ратушы. Яшчэ гэтыя люкі напамінаюць пра часы пераменаў на самім заводзе«, — падкрэсьліў Леанід Маркаў.

«Супраца з Эўропай кардынальна зьмяніла падыходы ў арганізацыі і культуры працы»

Вырабленыя магілёўскімі мэталюргамі люкі на адпаведнасьць эўрапейскім стандартам бясьпекі спраўдзіла нямецкая і латвійская фірмы.

«Патрабаваньні Эўразьвязу жорсткія, бо для іх асноўны крытэр якасьці — бясьпека людзей. Пад атэстацыю падпадала ня толькі прадукцыя, але тэхналягічныя працэсы, абсталяваньне, работнікі, у тым ліку і дырэктар. Мы меліся працаваць паводле новага для сябе прынцыпу: „Скажы, што будзеш рабіць. Рабі, што сказаў. І запішы, што зрабіў“. Завод абавязалі прызнаваць хібы і выправіць іх», — згадаў Леанід Маркаў.

«Гішпанскі люк» на пешаходнай вуліцы прыцягвае ўвагу мінакоў

Як ён кажа, супрацоўніцтва з эўрапейскімі фірмамі кардынальна зьмяніла падыходы ў арганізацыі і культуры працы ўсяго заводзкага калектыву, а таксама паўплывала на паляпшэньне якасьці люкаў, якія вырабляліся на іншых беларускіх заводах.

«Мы дужа шмат прадавалі такой прадукцыі на Захад. У Беларусі яе заставаўся мізер. Продаж люкаў на эўрапейскі рынак быў для нас больш выгадным. Такая прадукцыя была з высокай дададзенай вартасьцю і затраты хутка акупляліся. Эўрапейскія фірмы працавалі зь перадаплатаю. Гэта адбівалася на заробках супрацоўнікаў, ствараліся новыя працоўныя месцы. Тады зьявілася вера, што заўтра будзе лепей», — адзначыў Леанід Маркаў.

Па яго словах, для Эўропы магілёўскія мэталюргі вырабілі не адну тысячу люкаў. Іх можна пабачыць у шмат якіх тамтэйшых краінах. Тэрмін іх гарантыі — 50 гадоў.

Рызыка, якая сябе апраўдала

Леанід Маркаў кажа, што ганарыцца часам, калі яму давялося кіраваць Магілёўскім мэталюргічным заводам. Ён лічыць тыя шэсьць гадоў сваёй кар’еры плённымі для сябе і прадпрыемства. Леанід Васільевіч прызнаецца, што, беручыся за мадэрнізацыю заводу, дужа рызыкаваў, бо было нямала нядобразычліўцаў.

Маркаў кажа, што продаж люкаў на эўрапейскі рынак быў для магілёўскага завода вельмі выгадным

​«Рызыкаваў ня толькі я, але і тагачасны старшыня аблвыканкаму Барыс Батура (кіраваў Магілёўскай вобласьцю ад 2000 да 2008 гадоў. — РС.), — адзначыў пры канцы гутаркі Леанід Маркаў.

Паводле яго, Барыс Батура зразумеў пэрспэктыўнасьць праекту ды трымаў на кантролі выкананьне пляну.

«У праект жа былі ўкладзеныя немалыя грошы, — тлумачыў суразмоўца. — Для мяне яго падтрымка дужа шмат значыла, бо даводзілася праходзіць праз людзей, надзеленых уладаю ды рэсурсамі. І не заўжды майго жыцьцёвага і прафэсійнага досьведу хапала».

Што зьмянілася за гэты час

Кіраваць заводам Леаніда Маркава прызначылі 29 траўня 2003 году. Тады было яму 43 гады. За яго плячыма быў досьвед начальстваваньня ў ліцейным цэху. Каб узбагаціцца ведамі, паступіў у Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце, у якой вывучаў антыкрызіснае кіраваньне прадпрыемствам. Спасьцігнутае скарыстоўваў, як ён кажа, дзеля разьвіцьця новай вытворчасьці заводу.

Цяпер Леанід Маркаў заняты ў прыватным бізнэсе. Ён удзельнічае ў арганізацыі новай ліцейнай вытворчасьці.

Магілёўскі ж завод працягвае вырабляць люкі і пастаўляць іх за мяжу. На сайце прадпрыемства адзначае, што такая прадукцыя прадаецца ў Фінляндыю, Літву і Латвію.

Пашанцавала займець «эўрапейскія люкі» і спальным раёнам. На фота люк у мікрараёне Юбілейны

Магілёўскі мэталюргічны завод — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў гораду. Першую прадукцыю ён вырабіў у 1932 годзе. Ад 11 сьнежня 1996 году завод лічыцца адкрытым акцыянэрным таварыствам. Тады адзначалася, што акцыянаваньне яго адбылося з удзелам у статутным фондзе замежнага капіталу — кампаніі Boston Trade International Inc. Гэтая амэрыканская кампанія валодала 38,8 % акцыяў таварыства.

У 2012 годзе магілёўскае прадпрыемства ўвайшло ў холдынг «Беларуская мэталюргічная кампанія». На заводзе працуе блізу тысячы чалавек. Паводле Міністэрства прамысловасьці, ён прадае прадукцыю ў Расею, Украіну, Нямеччыну, Польшчу, Чэхію, Галяндыю, а таксама ў Літву, Латвію ды Эстонію.