У Менску прэзэнтавалі «Нечаканага Скарыну». ФОТА, ВІДЭА, PDF

29 траўня ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў Менску прэзэнтавалі новую кнігу сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Гэта аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына», дзе сабраныя ягоныя ўласныя дасьледаваньні, а таксама інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і аспэкты тагачаснага жыцьця.

Сяргей Абламейка. Нечаканы Скарына (PDF)

У музэйнай залі сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, для каго імя Скарыны мае амаль сакральнае значэньне. Невялікая заля ня здолела зьмясьціць усіх ахвотных, некаторым давялося сачыць за падзеямі з вэстыбюлю.

Аляксандар Лукашук

Прадстаўляючы выданьне, дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук адзначыў, што сучасныя падыходы спрыяюць таму, каб фэномэн Францішка Скарыны атрымліваў усё больш розных абліччаў.

«Гэты працэс аднолькавы з расшчапленьнем атамнага ядра і спараджае выбух энэргіі: дастатковы, каб з Полацку трапіць у Падую і там атрымаць найвышэйшае прызнаньне вартасьці, стаць у адзін шэраг з сучасьнікамі — вялікімі гуманістамі; дастатковы, каб, пабачыўшы цуды антычнай спадчыны і эўрапейскага Рэнэсансу, першым выдаць друкаваную кнігу на сваёй мове, у якой пазачасавай каштоўнасьцю абвясьціць любоў да месца, дзе нарадзіўся; дастатковы, каб ланцуговая рэакцыя праз стагодзьдзі стварыла народ, краіну, дзяржаву, дзе яго чын будзе адзначацца як агульнае сьвята».

А што можа быць лепшым падарункам на такое сьвята, як ня кніга — зноў з Прагі, зноў па-беларуску, зноў нечакана, — падсумаваў Аляксандар Лукашук.

Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка ў свой час працаваў у Скарынаўскім цэнтры і мае выдатны тэарэтычны падмурак. Ён падкрэсьліў, што кніга называецца «Нечаканы Скарына». Не «Невядомы». Таму ня варта чакаць вялікіх гістарычных адкрыцьцяў. Разам з тым ёсьць там і новае, раней зусім невядомае.

«Скарына яшчэ намі не адрэфлексаваны, не асэнсаваны да канца. Я вырашыў паглядзець на Скарыну з пункту гледжаньня італьянскага Рэнэсансу, з аднаго боку, і з пункту гледжаньня сучаснай беларускай гуманітарнай думкі — з другога. Бо нават у 500-годзьдзе Бібліі з вуснаў паважаных людзей прагучала шмат заяваў, што Скарына надрукаваў яе не па-беларуску, а па-царкоўнаславянску, што быў ён звычайным бізнэсоўцам-гандляром і нават авантурыстам. А мне не хацелася аддаваць Скарыну ў сфэру такіх уяўленьняў. Таму я ўзяўся яшчэ раз прагледзець тое, што мы пра яго ведаем, і яшчэ раз падумаць над гэтым. Атрымалася кніга».

Маці Сяргея Абламейкі Аліса Васілеўна

Паводле аўтара, гістарычныя факты сьведчаць на тое, што і сам Скарына, і яго сучасьнікі, і наступнікі лічылі мову Бібліі тагачаснай беларускай. Таксама трэба было аднавіць шэраг побытавых фактаў — паходжаньне, сям’я, здольнасьць заплаціць за адукацыю ў адной з найлепшых тагачасных вучэльняў. Нарэшце, ці здрадзіў ён радзіме, зьехаўшы на чужыну?

Георгі Галенчанка

Адзін з найбольш дасьведчаных беларускіх скарыназнаўцаў Георгі Галенчанка абараніў кандыдацкую дысэртацыю па акрэсьленай тэме яшчэ ў сярэдзіне 1960-х. Але кажа, што белых плямаў у жыцьці полацкага першадрукара болей, чым вядомых фактаў.

«Мы дакладна ня ведаем сям’і, у якой ён нарадзіўся. Іншая загадка — вера: ці адпачатку ахрышчаны ў праваслаўі, ці быў католікам, будучы пахрышчаным у бэрнардынскім манастыры? Мне думаецца, што пачынаў з праваслаўя, бо сям’я пераважна захавала праваслаўныя імёны. А імя „Францыск“ няма ў праваслаўных сьвятцах. Ня маючы каталіцкай адукацыі, яму не было б дзе вывучыць лацінскую мову. А бяз гэтага нельга было паступіць ва ўнівэрсытэты Эўропы. Хто фінансаваў ягоныя паездкі і дзе ён скончыў школу такога высокага рангу, якая магла падрыхтаваць да ўнівэрсытэту яшчэ ў Вільні? Віленскі пэрыяд ня вывучаны як сьлед. Працы яшчэ шмат».

Уладзімер Арлоў

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў зачытаў вытрымку са сваёй баляды «Аркады Падуі», дзе колісь ён блукаў разам з аўтарам «Нечаканага Скарыны», галоўным «бібліятэкарам» Свабоды Аляксандрам Лукашуком, мастаком свабодаўскіх выданьняў Генадзем Мацурам. І, натуральна, з прывідам Францішка. І канстатаваў: Скарына — сьвята, якое зь Беларусьсю заўсёды.

«„Нечаканы Скарына“ ня згубіцца ў моры-акіяне Скарыніяны і знойдзе свайго чытача і праз 100 гадоў. Сяргей Абламейка выдатна ведае гнёзды скарыназнаўства і адважна апускаецца ў ягоныя небясьпечныя віры, выступаючы ня столькі папулярызатарам, колькі ўдумлівым і дасьціпным дасьледчыкам. Калі вы шукаеце адказы на пытаньні: „Ці ўсю Біблію пераклаў Скарына?“, „У якую царкву ён хадзіў?“, „Чые партрэты ён зашыфраваў у Бібліі?“, „Ці дыскутаваў ён у Вільні з Парацэльсам?“, „Дзе ўзяць ДНК для пошуку нашчадкаў першадрукара?“ або нават „Ці хацеў Скарына атруціць Лютэра?“ — значыць, гэтая кніга для вас».

Уладзімер Арлоў і Сяргей Абламейка

Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі, кандыдат мастацтвазнаўства, былы галоўны рэдактар часопіса «Спадчына» і блізкі сябра Сяргея Абламейкі, таксама казаў пра значнасьць прэзэнтаванай працы.

«Некалі мяне запыталі: з кім бы я пажадаў пазнаёміцца, каго ўжо няма сярод нас? І адразу адказаў — са Скарынам. А потым задумаўся: што насамрэч я хацеў бы даведацца? Безумоўна, пра ступень адукаванасьці ў той час, пра ступень беларушчыны. Але не было пэўнасьці, ці здолее хто-небудзь і калі-небудзь адказаць на гэтае пытаньне. Дык вось Сяргей, высокаадукаваны наш сучасьнік, знайшоў таго Скарыну, якога я хацеў бы ўявіць. Атрымаўся своеасаблівы дыялёг інтэлектуалаў, паміж якімі паўтысячы гадоў. Ён шукаў нашага, сучаснага Скарыну, вакол асобы якога можна рэфлексаваць, фантазаваць. Магчыма, недастаткова, каб сфармуляваць генэтычны код беларусаў, але гэта ўжо важны падмурак для роздумаў, хто мы і адкуль».

Сяргей Навумчык

Супрацоўнік Свабоды, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1990—96 гадах Сяргей Навумчык адмыслова прыляцеў з Прагі. Ён нагадаў, што сёньня сьвята ня столькі ў Сяргея, колькі ў людзей, якія яго выхавалі — бацькоў. Гэта няпростая задача — выгадаваць дасьледчыка, сказаў ён. Такія людзі робяцца гонарам нацыі.

«Сяргей мог бы напісаць такую кнігу як навуковец ці як пісьменьнік, ліха закруціўшы сюжэт. Ён паставіўся да свайго героя як дасьледчык — сарваў гэтыя 500 гадоў, якія напластаваліся паміж намі, паказаў Скарыну такім, якім ён быў. Ці мог быць. Але я пабачыў рэч, ад якой хацеў бы Сяргея засьцерагчы. Ён хоча знайсьці нашчадкаў па генэтычным матэрыяле. Хачу нагадаць, што беларуская нацыя — гэта нацыя непрадказальных сюрпрызаў. І калі чакаеш, што гэта будзе сьвядомая дзяўчына з „Пагоняй“, можа атрымацца, што насамрэч акажацца мужык з пунсовай пысай на чале „Несьмяротнага палку“. Таму больш важнае -- духоўнае, ідэйнае спадкаемства. І з поўным правам гэтае месца можа заняць сам Сяргей Абламейка».

Вінцук Вячорка

Мовазнаўца, аўтар кніг «Бібліятэкі Свабоды» Вінцук Вячорка падкрэсьліў, што кніга Сяргея Абламейкі —​ гэта стратэгія вяртаньня постаці Скарыны нацыятворчага патэнцыялу. Скарына ў бачаньні аўтара ўвасабляе інклюзіўнасьць беларускае культуры: ён прымальны для хрысьціянаў усіх канфэсіяў; паяднаўшы розныя моўныя стыхіі, ён лічыў сваю працу ўкладам у разьвіцьцё роднай мовы; ён увасабляе сабой неразрыўнасьць паняцьцяў «русін» і «ліцьвін» як грунту для фармаваньня сучаснай беларускай нацыі; ён падкрэсьлівае нацыятворчую ролю мяшчанаў, прынамсі ня меншую, чым шляхты.

«Гэта яшчэ і падарожная кніга па Эўропе, дакладней, нават падручнік Эўропы — яе палітычнай і рэлігійнай гісторыі, філязофіі, каштоўнасных асноваў, гісторыі культуры ды гісторыі штодзённасьці — і ўсё гэта беларускімі вачыма, спазнаванае як сваё, але часам прызабытае. Вось такая місія Скарыны — узяць за руку Сяргея Абламейку, а той бярэ за руку нас і вядзе, адрозна ад Дантэ і Вэргіліюса, далей ад пекла ў бок эўрапейскай Беларусі», — падсумаваў Вячорка.

Доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая сказала, што з задавальненьнем чытала тэксты на сайце Радыё Свабода яшчэ да зьяўленьня папяровага варыянту. Кідалася ў вочы эрудыцыя аўтара, асабістая захопленасьць тэмаю, дасьледніцкі энтузіязм, велізарная любоў да Скарыны. Яна не сумняецца, што кніга зробіць важны ўнёсак у асэнсаваньне постаці беларускага першадрукара як у фармаваньні новага пагляду на ягоную ролю ў эўрапейскіх культурных і палітычных працэсах ХVI стагодзьдзя, так і на значэньне ягонага ўплыву на цяперашнія нацыятворчыя працэсы.

«У кнізе паўстае сам Рэнэсанс, прычым у тых сваіх цывілізацыйных аспэктах, якія былі натуральнымі і абавязковымі для свайго часу, але засталіся малавядомымі сучаснаму чытачу. Культурнае і камэрцыйнае віраваньне гарадоў, дзе пульсавала энэргія новага часу, Вільня, Вэнэцыя, Падуя, Прага, перадавыя ідэі ды павевы маладога яшчэ кнігадруку, бурнае рэлігійнае жыцьцё, пэрсанажы эўрапейскай палітыкі, культурныя падзеі, звычкі і рытуалы акадэмічнага сьвету, мяшчанскі побыт эпохі — і ўсё гэта разглядаецца праз прызму беларускага самаадчуваньня і фармаваньня беларускай тоеснасьці».

Аляксандар Лукашук, закрываючы вечарыну, сказаў, што Францішак Скарына ствараў кнігі дзеля таго, каб іх чыталі іншыя. Сваіх удзячных і ўдумлівых чытачоў ён пажадаў і Сяргею Абламейку.

Водгукі першых чытачоў кнігі

Алеся Аркуша
Уладзімера Арлова
Ганны Барвенавай
Ірыны Дубянецкай
Эдварда Зайкоўскага
Сьвятланы Куль-Сяльверставай
Аляксандра Лукашука
Вячаслава Ракіцкага
Дзьмітрыя Гурневіча