Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвята, якое заўжды зь Беларусьсю». Уладзімер Арлоў пра кнігу «Нечаканы Скарына»


29 траўня ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (пачатак у 18.30) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця. А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«500-годьдзе Беларускай Бібліі ўжо сталася гісторыяй, але Францішак Скарына — сьвята, якое зь Беларусьсю заўсёды. Пра гэта яскрава нагадвае даўно чаканая мною кніга таленавітага літаратара і журналіста, а зь нядаўняга часу і доктара гісторыі Сяргея Абламейкі. На маю думку, «Нечаканы Скарына» ня згубіцца ў моры-акіяне Скарыніяны і (ня ведаю, праўда, у якім увасабленьні) знойдзе свайго чытача і праз сто гадоў.

Сяргей Абламейка выдатна ведае гнёзды скарыназнаўства і адважна апускаецца ў ягоныя небясьпечныя віры, выступаючы ня столькі папулярызатарам, як удумлівым і дасьціпным дасьледчыкам. Эсэ «Нечаканы Скарына» мае выразную гістарыясофскую «падкладку», што, бясспрэчна, робіць яго цікавым як шараговым аматарам гісторыі, так і прафэсійным служкам цэлага суквецьця гуманітарных навук.

Калі вы шукаеце адказы на пытаньні: «Ці ўсю Біблію пераклаў Скарына?», «У якую царкву ён хадзіў?», «Чые партрэты ён зашыфраваў у Бібліі?», «Ці дыскутаваў ён у Вільні з Парацэльсам?», «Дзе ўзяць ДНК для пошуку нашчадкаў першадрукара?» або нават «Ці хацеў Скарына атруціць Лютэра?» — значыць, гэтая кніга для вас.

А пачынае сваё эсэ Сяргей Абламейка цалкам лягічна з пытаньня: «На якой мове Скарына выдаў Біблію?». Асабіста мяне адказ аўтара натхняе: «Францішак Скарына быў першым пісьменьнікам, які пісаў па-беларуску». Пры чым тут Дантэ Аліг’еры і Аркадзь Жураўскі, вы даведаецеся зь першых дзесяці старонак, пасьля якіх будзе яшчэ цікавей, так, што сапраўды часам закружыцца галава.

25 разьдзелаў Абламейкавага эсэ важка дапаўняе чортаў тузін інтэрвію, якія аўтар узяў у айчынных навукоўцаў ды іхніх калегаў з Італіі, Аўстрыі, Францыі, Чэхіі ды Польшчы.

Заключная частка кнігі — «Скарына, якога я чакаю. 100 пытаньняў на будучыню» — чытаецца то як праграма дзейнасьці для скарыназнаўцаў (да якіх цяпер належыць і сам Сяргей Абламейка), то як займальная гістарычная віктарына.

Адказ на адно пытаньне я ўжо ведаю. У Падуі, паверце, Скарына піў цудоўнае італійскае віно Primitivo».

Уладзімер Арлоў

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.

Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG