Прэзыдэнт Польшчы: Расея — самая сурʼёзная пагроза глябальнаму міру

Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў ходзе апошняга дня Парлямэнцкай асамблеі NATO ў Варшаве заявіў, што Расея ўяўляе сабой самую сурʼёзную пагрозу глябальнаму міру. Паводле яго, ключом да гарантаваньня бясьпекі эўраатлянтычнага рэгіёну зьяўляюцца сувязі паміж Эўропай і Паўночнай Амэрыкай.

Прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў, што неабходна імкнуцца да ўмацаваньня гэтых сувязяў, а таксама адзначыў, што найлепшай інвэстыцыяй ЗША ў мір зьяўляецца стабільнасьць і бясьпека ў Эўропе:

«Для ўсіх нас важна разьвіцьцё палітыкі бясьпекі і абароннага супрацоўніцтва ў Эўразьвязе, а таксама разьвіцьцё супрацоўніцтва ЭЗ з ЗША. Умацаваньне абараназдольнасьці эўрапейскіх дзяржаў пашырае магчымасьці ўсяго Паўночнаатлянтычнага альянсу, у тым ліку і ЗША».

Дуда адзначыў, што Расея ўяўляе сабой самую сурʼёзную пагрозу бясьпецы Эўропы і сьвету: «Напад на Грузію ў 2008 годзе, а таксама незаконная анэксія Крыму і ваенная інтэрвэнцыя ва Ўкраіну ў 2014 годзе паказваюць, якія рэальныя намеры Расеі. Падзеі апошніх дзён даказалі, што Крэмль дазваляе сабе ўчыняць замах з выкарыстаньнем хімічнай зброі на тэрыторыі дзяржаў NATO і ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы».

Па словах польскага прэзыдэнта, другой сурʼёзнай пагрозай зьяўляецца дэстабілізацыя сытуацыі на паўднёвых межах NATO, дзе дзейнічаюць тэрарыстычныя групоўкі, якія пагражаюць усёй Эўропе.