Французы пратэстуюць супраць рэформаў Макрона ў дзяржаўным сэктары

На акцыі супраць рэформаў Эманюэля Макрона ў Парыжы ў суботу паліцыя затрымала каля 40 чалавек, у тым ліку за нашэньне зброі. 26 зь іх узялі пад варту. У выніку сутыкненьняў пацярпеў адзін паліцэйскі.

У розных гарадах Францыі ў суботу праходзяць акцыі супраць палітыкі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і ягоных рэформаў у дзяржаўным сэктары. Іх ініцыятарамі выступілі крайне левыя партыі, прафсаюзы і розныя асацыяцыі. Паводле арганізатараў, у іх прынялі ўдзел у агульнай колькасьці каля 250 тысяч чалавек, а ў парыскай акцыі — 80 тысяч чалавек. Паліцыя заяўляе аб 20 тысячах удзельніках сталічнай дэманстрацыі.

Ад пачатку году прафсаюзы зладзілі некалькі агульнанацыянальных страйкаў, а супрацоўнікі чыгуначнай кампаніі SNCF страйкуюць па два дні на тыдзень на працягу трох месяцаў праз плян Макрона рэфармаваць чыгунку.

Эманюэль Макрон, які прыйшоў да ўлады год таму, заявіў, што так званы «народны пратэст» ня спыніць яго. Ён адзначыў, што апазыцыя не вылучыла ніякіх канкрэтных прапановаў.