У Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве вандал парваў карціну Рэпіна «Іван Жахлівы забівае свайго сына»

У Расеі, у Трацьцякоўскай галерэі ў Маскве ўвечары 25 траўня наведвальнік пашкодзіў карціну Ільлі Рэпіна «Іван Жахлівы і сын яго Іван», вядомую таксама як «Іван Жахлівы забівае свайго сына».

Карціна сур’ёзна пашкоджаная — у трох месцах прарванае палатно, пацярпела аўтарская рама.

«На шчасьце, самае каштоўнае — выявы твараў і рук цара і царэвіча — не пацярпелі», — заявілі «Інтэрфаксу» у прэс-службе галерэі.

Карціна адпраўленая ў рэстаўрацыйную майстэрню.

У паліцыі паведамілі пра затрыманьне ў музэі чалавека, які «мэталёвым слупком агароджы разьбіў шкло карціны і пашкодзіў палатно».

Узбуджаная крымінальная справа аб пашкоджаньні культурных каштоўнасьцяў.

Вандалам аказаўся беспрацоўны мужчына з Варонескай вобласьці. На допыце ён распавёў, што вырашыў напасьці на карціну, бо лічыць яе гістарычна няслушнай. Потым прызнаўся, што быў п’яны.

Рэстаўрацыя карціны можа заняць некалькі гадоў.