Алесь Аркуш: «„Нечаканага Скарыну“ варта прэзэнтаваць у Полацку»

Кніга Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына»

29 траўня ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.

Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця. А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца літаратар і журналіст Алесь Аркуш.

Алесь Аркуш

«Я не зусім добра абазнаны ў тых працах і кнігах пра Скарыну, якія выходзілі за савецкім часам. Некаторыя, аднак, чытаў. І ў іх Скарына бесьцялесны, амаль небажыхар. Мне здаецца, што мы зараз знаходзімся ў такім пэрыядзе, калі падставовыя міты і падмуркі беларускай культуры пераглядаюцца і пераасэнсоўваюцца.

Нялёгка гэта зрабіць. Бо тыя міты адлітыя ў бронзе і высечаныя ў камені. Кніга Сяргея Абламейкі «Нечаканы Скарына» якраз і задзейнічаная ў гэты абнаўляльна-стваральны працэс. То бок — трэба сказаць пра роднае, беларускае сучаснай мовай, з улікам найноўшых адкрыцьцяў і ведаў.

Часам тыя адкрыцьці ляжаць на паверхні. Толькі дастаткова ўявіць, якім чынам мог юнак з Полацку распачаць кнігадрукаваньне ў Празе. Трэба быць і прадпрымальным, і дыпляматам, і добрым арганізатарам, і рызыкантам, і нават у нейкім сэнсе авантурыстам.

Ну ладна, набыў адукацыю, далучыўся да культурніцкіх элітаў Цэнтральнай Эўропы, ну і ўключайся ў тамтэйшыя культурніцкія працэсы. Як гэта зрабіла большасьць адукаваных людзей, што падаліся на захад зь Вялікага Княства Літоўскага. Пішы паэмы на лаціне, друкуй кнігі, як друкуюць нармальныя людзі ў Эўропе. Не, ён перакладае Біблію на родную мову. Ну пагадзіцеся, павінна быць тут нейкая матывацыя. І Сяргей Абламейка ў сваёй кнізе спрабуе тую матывацыю зразумець.

Зьдзівіла і ўразіла, як Сяргей Абламейка пачаў разгадваць, каго Скарына намаляваў у сваіх гравюрах. Здаецца, гэтае адкрыцьцё таксама ляжыць на паверхні. Бо мастакі вельмі часта малююць на сваіх карцінах блізкіх людзей. Чаму раней ніхто да гэтага не дадумаўся?

Скарына задаў нам вельмі шмат загадак. І гэты квэст нам яшчэ доўга праходзіць. Можа нават, ён ня мае канца. Сяргей Абламейка сваёй кнігай вызначыў каардынаты асноўных загадак, а некаторым знайшоў адгадкі.

Ну, і калі Скарына не зьбіраўся «натуралізавацца» ў Эўропе, то, відаць, меў спадзеў вярнуцца на радзіму. Перадусім у Полацак.

Нядаўна на сваёй полацкай сядзібе ў Запалоцьці, на месцы якой раней быў бэрнардынскі кляштар, дзе Скарына вучыўся лацінскай мове, мы з жонкай Тацянай усталявалі памятны знак. Празь літары, якія выразаныя ў мэталічнай табліцы, штодзень сонца піша на полацкай зямлі слова «Скарына». Відаць, варта ля таго знаку прэзэнтаваць кнігу Сяргея Абламейкі. Вярнуць «Нечаканага Скарыну» на радзіму.

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.

Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Водгукі першых чытачоў кнігі:

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей Абламейка захапляльна адкрывае асобу Скарыны

«Сьвята, якое заўжды зь Беларусьсю». Уладзімер Арлоў пра кнігу «Нечаканы Скарына»

«Веліч і драматызм Скарыны». Эдвард Зайкоўскі пра кнігу «Нечаканы Скарына»