Дзяржаўны сакратар ЗША: апошнімі днямі Пхэньян не рэагаваў на нашыя запыты

Пхэньян апошнімі днямі не рэагаваў на запыты ЗША ў спробах сплянаваць лягістыку саміту, заявіў у чацьвер дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо.

Дзяржсакратар выступіў зь першым камэнтаром пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп адмяніў заплянаваную на 12 чэрвеня сустрэчу з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам.

«Нам не ўдалося арганізаваць неабходную падрыхтоўчую працу дзьвюх камандаў, якая была б неабходная для правядзеньня пасьпяховага саміту», — сказаў Пампэо на слуханьні ў Сэнаце, дадаўшы, што апошнія заявы Пхэньяна выклікаюць шкадаваньне.

Пры гэтым, паводле слоў Пампэо, ён ня лічыць адмену саміту прыкметай таго, што Кім Чэн Ын — «слабы лідар».
«На самой справе ён дэманструе магутную здольнасьць кіраваць сваёй краінай і сваёй камандай», — сказаў дзяржсакратар сэнатарам.

Сёньня Дональд Трамп скасаваў саміт зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. У лісьце гаворыцца, што прэзыдэнт прыняў рашэньне скасаваць саміт у Сынгапуры, які плянавалася правесьці 12 чэрвеня. Ліст адрасаваны асабіста лідэру Паўночнай Карэі Кім Чэн Ыну.

Трамg матывуе адмову нядаўнімі адкрыта варожымі заявамі Кім Чэн Ына і, сярод іншага піша:

«Вы кажаце пра вашыя ядзерныя магчымасьці, але нашы ядзерныя магчымасьці такія вялікія і такія магутныя, што я малюся Богу, каб яны ніколі ня былі ўжытыя».