Што вядома пра 17-гадовага стралка з Санта-Фэ, які забіў у школе 10 чалавек

Дзімітрыяс Пагурдзыс

У амэрыканскім штаце Тэхас 17-гадоваму Дымітрыясу Пагурдзысу, які адкрыў страляніну ў школе гораду Санта-Фэ, афіцыйна выставілі абвінавачваньні ў забойстве.

Ахвярамі нападу сталі 10 чалавек (9 вучняў школы і 63-гадовая настаўніца). Яшчэ 10 параненыя, сярод іх — паліцэйскі.

Падазраваны цяпер знаходзіцца пад арыштам бяз права выхаду пад заклад.

Your browser doesn’t support HTML5

Відэа з тэхаскай школы, дзе адбылася страляніна

Кім быў нападнік

Аднаклясьнікі апісваюць Дымітрыяса Пагурдзыса як ціхага і непрыкметнага падлетка. Ён гуляў у школьнай футбольнай камандзе і быў вернікам Грэцкай праваслаўнай царквы.

30 красавіка Пагурдзыс на сваёй старонцы ў фэйсбуку (яе ўжо выдалілі) апублікаваў фота чорнай футболкі з надпісам Born To Kill («народжаны забіваць»). Відавочцы распавялі, што менавіта гэтая футболка была на ім у момант нападу.

Губэрнатар штату Тэхас Грэг Эбат паведаміў, што нападнік выкарыстаў помпавую стрэльбу і рэвальвэр 38-га калібру. Зброю ён узяў у свайго бацькі.

Пагурдзыс уварваўся ў клясу з крыкам «Сюрпрыз!» і пачаў атаку, напісалі мясцовыя СМІ.

Паводле губэрнатара, Пагурдзыс першапачаткова меў намер скончыць з сабой, але адмовіўся ад гэтага намеру (па словах губэрнатара, «у яго не хапіла сьмеласьці зьдзейсьніць самагубства»).

Нападнік таксама запісваў свае пляны нападу і наступнага самагубства ў нататнік.

Масавае забойства ў школе Санта-Фэ стала другім па колькасьці загінулых у школах сёлета і чацьвёртым у найноўшай гісторыі ЗША.

14 лютага сёлета ў адной са школ у Флорыдзе 19-гадовы Нікалаус Крус забіў 17 чалавек і параніў 14, большасьць забітых і параненых былі яго аднаклясьнікамі. Незадоўга да гэтага Круза выключылі са школы ў якасьці дысцыплінарнай меры, а яго родныя і знаёмыя паведамлялі аб яго неадэкватным псыхічным стане. Але гэтыя папярэджаньні не былі пачутыя.

Ад 2013 году ў ЗША зарэгістравана 313 выпадкаў страляніны ў адукацыйных установах.

Страляніна ў тэхаскай школе: ёсьць ахвяры