На Кубе пры ўзьлёце разьбіўся «Боінг-737» з сотняй пасажыраў. Відэа

На Кубе неўзабаве пасьля ўзьлёту з аэрапорту Гаваны разьбіўся самалёт «Боінг-737», які належаў авіякампаніі Cubana de Aviacion.

Паводле папярэдніх дадзеных, самалёт выконваў ўнутраны рэйс і ўпаў неўзабаве пасьля ўзьлёту паміж аэрапортам і населеным пунктам Сант'яга-дэ-Лас-Веэгас. На борце знаходзіліся 104 пасажыра, паведамляе Reuters. Паводле AFP, разам з камандай 113 чалавек.

На месцы катастрофы працуюць ратавальнікі. Туды выехаў і лідэр Кубы Мігель Дыяс-Канэль.

Кубінскія ўлады раней заяўлялі, што паветраны флёт краіны складаецца пераважна з састарэлых самалётаў, некаторыя зь іх спынілі палёты «зь меркаваньняў бясьпекі».