Менск стане сталіцай лічбавай эканомікі «Ўсходняга партнэрства»

Яганэс Ган прыедзе ў Менск

Нефармальны міністэрскі дыялёг краін «Усходняга партнэрства» пройдзе 21–22 чэрвеня ў Менску. Пра гэта Свабодзе паведамілі дасьведчаныя крыніцы.

Традыцыйна такія нефармальныя сустрэчы маюць фармат зь дзьвюх частак: агульная дыскусія міністраў замежных спраў і тэматычная сустрэча міністраў якой-небудзь галіны. У Менску такой сфэрай стане лічбавая эканоміка. І гэта невыпадкова, паколькі Эўразьвяз цяпер інтэнсіўна працуе над гарманізацыяй лічбавых рынкаў.

У Брусэлі лічаць, што гэта адна з тых галін, дзе Эўразьвяз і Беларусь могуць наладзіць супрацу.

Такім чынам, чакаецца візыт у Менск эўракамісара ў пытаньнях пашырэньня і добрасуседзтва ЭЗ Яганэса Гана і эўракамісара лічбавай эканомікі Марыі Габрыэль.

Нефармальныя міністэрскія дыялёгі праводзяцца з 2012 году. Прыняцьце якіх-кольвек выніковых дакумэнтаў альбо заяў падчас іх не прадугледжваецца.

Для Беларусі чэрвеньскі дыялёг стане другім на яе тэрыторыі. Першы раз такі форум прайшоў у Менску ў чэрвені 2015 году. Тады сустракаліся міністры замежных спраў і міністры аховы навакольнага асяродзьдзя.