Ляўрэатамі расейскай публіцыстычнай прэміі «ЛібМісія» за 2018 год сталі сацыёляг Ганна Шадрына, філёляг Андрэй Дзясьніцкі і журналістка Зоя Сьвятлова. Афіцыйная цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 30 траўня ў Доме Расейскага замежжа імя Аляксандра Салжаніцына.
Шадрына перамагла ў намінацыі «Аналітыка» з кнігай «Дарагія дзеці. Скарачэньне нараджальнасьці і рост цаны "мацярынства" у XXI стагодзьдзі». «Дэмаграфічная праблема — гэта базавая праблема для разьвіцьця любога грамадзтва, і кніга Шадрынай выкрывае некаторыя вельмі важныя заканамернасьці сучаснасьці ў гэтым аспэкце», — заявіў старшыня журы «ЛібМісіі» Дзяніс Драгунскі.
Ганна Шадрына — былая журналістка «Советской Белоруссии», якая пасьля выбараў 2010 трапіла ў чорны сьпіс Эўразьвязу, але пазьней была зь яго выключаная. Ганна з 2005 году вывучала незамужніх жанчын, якія жывуць у буйных гарадах Расеі і Беларусі, праводзіла зь імі інтэрвію і зьбірала статыстыку, гэтае дасьледаваньне лягло ў аснову яе кнігі «Не замужам: Сэкс, любоў і сям’я за межамі шлюбу». У 2007 яна абараніла магістэрскую дысэртацыю ў ЭГУ па тэме «Новая адзінокая жанчына ў постсавецкай Беларусі».
Дзясьніцкаму ўручаць прэмію ў намінацыі «Публіцыстыка» за сэрыю публікацый на парталах «Газета. ру», «Традыцыя», Republic, «Русский пионер» і «Гефтер».
Зою Сьвятлову адзначылі за сэрыю публікацый на Радыё Свабода і «МБХ мэдыя» пра людзей, якія трапілі ў зьняволеньне. Ёй ўручаць прэмію ў спэцыяльнай намінацыі «За мужнасьць у адстойваньні лібэральных каштоўнасьцяў».
Прэмія «ЛібМісія» была заснаваная Фондам «Лібэральная місія» у 2016 годзе — наўзамен прэміі «ПолитПросвет», апошняе ўручэньне якой адбылося год таму, калі «Лібэральная місія» і фонд Дзьмітрыя Зіміна «Дынастыя», які яе спансуе, былі ўключаныя ў сьпіс «замежных агентаў».
Прэмія «ЛібМісія» уручаецца за самую ўдалую кнігу пра бягучы грамадзка-палітычны працэс і за цыкл зьмястоўных публікацый у СМІ.