Колькі дактароў навук сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Вышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі зацьвердзіла дысэртацыю на званьне доктара мэдычных навук старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях аховы здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі Людмілы Макарынай-Кібак.

Людміла Макарына-Кібак

Карэспандэнт Свабоды даведаўся ад яе, што:

  • абарона дысэртацыі адбылася летась 4 кастрычніка ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі;
  • навуковая праца прысьвечаная праблемам дыягностыкі і рэабілітацыі пацыентаў з хранічным атытам;
  • новы доктар навук не пакінула мэдычнай практыки, цяпер яна працуе на чвэрць стаўкі ў адной з клінік Менску.

Людміла Макарына-Кібак — дэпутатка па 99-й выбарчай Грушаўскай акрузе Менску. Раней была дэпутаткай сталічнага гарсавету.

Новы доктар навук стала трэцім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, які мае такую навуковую ступень. Таксама дактары — Сяргей Занько (мэдычных навук) і Ігар Марзалюк (гістарычных навук).