Ці запрасілі апазыцыю на менскі форум, дзе мае выступіць Лукашэнка?

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг» — 2017

Больш за 350 экспэртаў з больш як 40 краін сьвету зьбяруцца 23–25 траўня ў Менску на трохдзённы міжнародны форум «Менскі дыялёг». Дадатковую адметнасьць гэтай і без таго надзвычайнай па беларускіх мерках падзеі надае анансаваны ўдзел у ёй кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак некаторыя палітолягі ставяцца да «Менскага дыялёгу» даволі скептычна. Сярод іх, напрыклад, Павал Вусаў — кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозаў (Варшава).

У размове са Свабодай аналітык падкрэсьліў, што «Менскі дыялёг» як плятформа «арганізуецца пры дапамозе Міністэрства замежных спраў Беларусі».

Можна лічыць, што гэта афіцыйна арганізаванае мерапрыемства

«Мы ж ведаем, што адзін з галоўных арганізатараў форуму Яўген Прэйгерман актыўна супрацоўнічае і зь міністэрствам, і непасрэдна з самім міністрам Макеем. Таму можна лічыць, што гэта афіцыйна арганізаванае мерапрыемства. Наколькі я ведаю, ніхто з апазыцыянэраў ці незалежных аналітыкаў на форум не запрошаныя. І гэта таксама паказальна», — кажа Павал Вусаў.

Павал Вусаў

Ён таксама адзначае, што канцэпцыя, якая атрымала назву «Менскі дыялёг», цалкам укладаецца ў ідэю МЗС Беларусі. Сутнасьць ідэі — афіцыйны Менск хоча замацаваць за сабою вялікі міжнародны працэс, які нездарма атрымаў такую гучную назву, як «Хэльсынкі-2».

«Той факт, што на форуме будуць прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый, у тым ліку і АБСЭ, павінен яшчэ раз нагадаць пра неабходнасьць такой пляцоўкі менавіта ў Менску. І ў межах гэтай ідэі і будзе абмяркоўвацца бясьпека ва Ўсходняй Эўропе. Вось гэта і ёсьць тлумачэньне магчымага ўдзелу Лукашэнкі ў форуме» — падсумоўвае экспэрт.

Пра што гаварыў бы Вусаў на «Менскім дыялёгу»?

Павал Вусаў сказаў Свабодзе, што на «Менскі дыялёг» яго не запрашалі. Пра што б ён гаварыў з трыбуны, калі б яго імя ўсё ж было ў сьпісе ўдзельнікаў?

Беларусь прысутнічае ва ўсіх інтэграцыйных праектах, якія прасоўвае Крэмль

«Першая тэза — асноўнай пагрозай стабільнасьці ў рэгіёне зьяўляецца Расея. Другая — Беларусь, нягледзячы на ўсе спробы пазыцыянаваць сябе ў ролі незалежнага гульца на міжнароднай арэне, такім насамрэч ня ёсьць. Таму што яна прысутнічае ва ўсіх інтэграцыйных праектах, якія прасоўвае Крэмль. Трэцяя — падзеі ўнутры Беларусі („Несьмяротны полк“, „Начныя ваўкі“, дзейнасьць праваслаўнай царквы і яшчэ шмат што, зьвязанае з „русским миром“) паказваюць, што ўнутраная прастора Рэспублікі Беларусь не абароненая ад „русского мира“», — лічыць ён.

На думку экспэрта, нават гэтых трох рэчаў дастаткова, каб пераканацца, што Беларусь «ня можа быць пляцоўкай для далейшага паглыбленьня ці пашырэньня стабільнасьці ў рэгіёне».

Прэйгерман: наша пляцоўка — прафэсійная, а не апазыцыйная і не партыйная

Кіраўнік «Менскага дыялёгу» Яўген Прэйгерман кажа, што гэтая пляцоўка працуе дзеля таго, каб дапамагаць Беларусі быць больш інтэрнацыяналізаванай.

Яўген Прэйгерман

«І праз гэта пашыраць ролю нашай краіны, дапамагаць ёй у розных сфэрах, у тым ліку і бясьпекі. На жаль, шмат хто (а такія людзі ёсьць і сярод улады, і сярод прыхільнікаў апазыцыі) проста ня хоча, каб Беларусь адкрывалася сьвету. Яны прызвычаіліся быць манапалістамі ў кантактах з замежнікамі. Але тады пачынае функцыянаваць ня прынцып прафэсіяналізму, а прынцып закрытых каналаў і манаполіі», — лічыць ён.

Кіраўнік «Менскага дыялёгу» кажа, што сярод запрошаных да ўдзелу ў форуме ёсьць экспэрты, якіх нельга назваць праўладнымі.

«А што, Валер Карбалевіч хіба не незалежны экспэрт? А Аляксандар Класкоўскі? А Андрэй Ягораў? А Андрэй Фёдараў? А Андрэй Казакевіч? Я магу працягнуць гэты сьпіс», — кажа ён.

Яўген Прэйгерман цьвердзіць, што галоўны крытэр запрашэньня на мерапрыемства «Менскага дыялёгу» — прафэсіяналізм.

«Так, мы сапраўды не запрашаем прадстаўнікоў партыяў. Але ня толькі апазыцыйных, а праўладных таксама. І я ўжо тры гады падкрэсьліваю: наша пляцоўка прафэсійная, а не партыйная», — кажа ён.