Міністарка абароны Чэхіі звольніла кіраўніка цэнтру, у якім тэставалі «Навічок»

Міністарка абарона Чэхіі Карла Шлэхтава адхіліла ад пасады Богуслава Шафаржа, кіраўніка вайсковага дасьледчага цэнтру, у якім тэставалі рэчыва А-230 з лініі «Навічок». Паведамленьне пра адстаўку апублікавана на сайце Міністэрства абароны.

У інтэрвію чэскім СМІ Шафарж распавёў, што міністарка абароны не назвала прычыну яго адстаўкі, але ён выказаў здагадку, што «гэта можа быць зьвязана з выпадкам з «Навічком».

У пачатку траўня прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман распавёў, што ў Чэхіі сапраўды «выраблялася і складзіравалася» атрутнае рэчыва зь лініі «Навічок», якое фігуравала у атручваньні былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Вялікабрытаніі. Тады Міністэрства замежных спраў Чэхіі краіны часткова абвергла словы Зэмана.

Па словах прадстаўнікоў ведамства, навукова-дасьледчы інстытут Міністэрства абароны ў горадзе Брно сапраўды праводзіў дасьледаваньні атрутных рэчываў «у форме лябараторнага мікрасінтэзу».

У гэтых дасьледаваньнях, па сьцьвярджэньні МЗС Чэхіі, выкарыстоўваюцца невялікія колькасьці ядаў, «па некалькі мілілітраў», і менавіта таму гэта «ня лічыцца» вытворчасьцю яду ў адпаведнасьці зь Міжнароднай канвэнцыяй аб забароне хімічнай зброі. Дазвол на правядзеньне такіх дасьледаваньняў чэскі інстытут атрымаў у тым ліку і ад арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

«Само рэчыва пасьля выпрабаваньня неадкладна зьнішчаецца лябараторыяй і нідзе не захоўваецца, як быў і ў выпадку з А-230», — пракамэнтавалі ў МЗС Чэхіі.

Але ў ведамстве таксама падкрэсьлілі, што нэрвова-паралітычны яд, які быў выкарыстаны ў Вялікабрытаніі пры атручваньні Сяргея і Юліі Скрыпаля, называецца A-234. Такім чынам, ён «зьяўляецца варыянтам, адрозным ад таго, які быў дасьледаваны ў інстытуце ў Брне».

Расейскеія ўлады неаднаразова агучвалі вэрсію пра тое, што рэчыва «Навічок», якім атруцілі Сяргея і Юлію Скрыпалёў, магло быць выраблена не ў Расеі. Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава празь некалькі гадзін пасьля інтэрвію Зэмана заявіла, што словы прэзыдэнта Чэхіі нібыта «пацьвярджаюць хлусьню» брытанскіх ўладаў па справе Скрыпаля.