Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу назваў самаабаронай супраць групоўкі Хамас дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў на мяжы з Сэктарам Газы, дзе сёньня былі забітыя палестынцы.
«Кожная краіна мае абавязак абараняць свае межы, — напісаў Нэтаньягу на сваёй старонцы ў Twitter. — Тэрарыстычная арганізацыя Хамас мае намер зьнішчыць Ізраіль і пасылае тысячы праз памежную агароджу, каб дасягнуць гэтай мэты. Мы працягнем дзейнічаць рашуча, каб абараніць наш сувэрэнітэт і грамадзян».
Больш за 50 палестынцаў забітыя ізраільскімі вайскоўцамі на мяжы сэктара Газы і Ізраілю падчас акцыі супраць адкрыцьця амбасады ЗША ў Ерусаліме. Больш за 2 тысячы чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу.
Паводле дадзеных тэлеканалу Al Jazeera, у пратэстах прымаюць удзел каля 10 тысяч палестынцаў. Некаторыя пратэстоўцы спрабавалі перасекчы памежную агароджу.
Ізраільскія ваенныя абвінавацілі арганізацыю Хамас, якая кантралюе Палестынскую аўтаномію, у падбухторваньні.
Напярэдадні армія абароны Ізраілю пры дапамозе ўлётак заклікала жыхароў Газы адмовіцца ад масавых пратэстаў і не перасякаць памежныя агароджы.
У сьнежні 2017 года году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыняў рашэньне аб пераносе Амэрыканскага пасольства ў Ізраілі з Тэль-Авіву ў Ерусалім. Рашэньне Трампа рэзка раскрытыкавалі лідэры арабскіх краін, а таксама прадстаўнікі Эўразьвязу.
Адкрыцьцё амэрыканскага пасольства ў Ерусаліме
30 сакавіка на мяжы паміж сэктарам Газа і Ізраілем палестынцы пачалі шматдзённую акцыю пратэсту «Вялікі марш вяртаньня». Па словах арганізатараў акцыі, яны хочуць прыцягнуць увагу да лёсу жыхароў аўтаноміі, якія, як сьцьвярджаецца, ня могуць вярнуцца ў дамы сваіх продкаў на тэрыторыі Ізраілю.