Супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, прыцягнутыя да ваеннай апэрацыі ў Данбасе, затрымалі ў Луганскай вобласьці дэпутата групоўкі «ЛНР», паведамляе прэс-служба СБУ.
Паводле зьвестак ведамства, жыхар Хрустальнага (раней — Прамень) на Луганщыне далучыўся да незаконных узброеных фармаваньняў, дзе яго абралі «дэпутатам» «народнага савету».
«Апэратыўнікі спэцслужбы задакумэнтавалі, што зламысьнік падтрымліваў узброеную агрэсію Расеі супраць Украіны і спрыяў тэрарыстычнай дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў, у прыватнасьці ўдзельнічаў у фінансаваньні некаторых груповак», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.
У спэцслужбе паведамілі, што прадстаўнік групоўкі «ЛНР» плянаваў прыбыць на падкантрольную ўкраінскай уладзе тэрыторыю Данбасу для атрыманьня ўкраінскай пэнсіі. Мужчыну затрымалі на адным з пунктаў пропуску пры перасячэньні лініі разьмежаваньня.
Затрыманаму паведамілі пра падазрэньні ў злачынстве і абраньні меры стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту.
Узброены канфлікт у Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць быць толькі расійскія «добраахвотнікі».