Палітычныя ахвяраваньні, сямейныя сувязі з расейскім мільярдэрам, які знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, і раптоўнае ўварваньне ў сьвет відэагульняў — вось некалькі прычын, чаму апошнія месяцы нью-ёркская інвэстыцыйная фірма Columbus Nova апынулася ў поле зроку амэрыканскіх СМІ.
Цяпер, як паведамляецца, да гэтай кампаніі прыцягнутая ўвага амэрыканскага спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера, які расьсьледуе справу аб меркаваным умяшаньні Расеі ў палітыку ЗША і магчымых сувязях паміж паплечнікамі прэзыдэнта Дональда Трампа і Расеяй. Тэлеканал CNN і газэта New York Times паведамілі, што ў ходзе расьсьледаваньня Мюлера былі дапытаныя расейскі мільярдэр Віктар Вексельберг, які трапіў у красавіку пад санкцыі ЗША, і яго стрыечны брат Эндру Інтратэр, выканаўчы дырэктар Columbus Nova.
У Columbus Nova заявілі, што раней кампаніяй быў наняты адвакат Трампа, Майкл Коэн, у якога ў мінулым месяцы ФБР правяло ператрус. Трамп асудзіў гэты рэйд, назваўшы расьсьледаваньне Робэрта Мюлера «паляваньнем на вядзьмарак».
Заява кампаніі зьявілася пасьля таго, як адвакат порнаакторкі, якая падала ў суд на Трампа, абнародаваў 8 траўня дакумэнты, у якіх сьцьвярджалася, што ў мінулым годзе Columbus Nova заплаціла каля 500 тысяч даляраў фірме, якую па сутнасьці кантраляваў Коэн.
The Executive Summary from our first Preliminary Report on Findings may be accessed via the link below. Mr. Trump and Mr. Cohen have a lot of explaining to do.https://t.co/179WvIkRlD
— Michael Avenatti (@MichaelAvenatti) May 8, 2018
Вось некалькі фактаў пра Columbus Nova, уключаючы яе сувязі з Расеяй і Віктара Вексельберга.
Бізнэс-кансультант
Columbus Nova заявіла, што наняла Майкла Коэна як «бізнэс-кансультанта адносна патэнцыйных крыніц капіталу, інвэстыцый у нерухомасьць і іншыя прадпрыемствы», але не паказала, колькі яму плацілі. У фірме таксама адмаўляюць, што Віктар Вексельберг «выкарыстаў Columbus Nova ў якасьці каналу для плацяжоў Майклу Коэну», дадаўшы, што кампанія ніколі не «належала якой-небудзь замежнай арганізацыі ці асобе» і «на 100 адсоткаў належыць» грамадзянам ЗША «з моманту яе заснаваньня амаль 20 гадоў таму».
«Ні Віктар Вексельберг, ні хто-небудзь яшчэ за межамі Columbus Nova ня браў удзел у рашэньні аб найманьні Коэна і ня падаваў фінансаваньне для яго ўдзелу », — сказалі ў кампаніі. Там жа дадалі: «Columbus Nova сама па сабе цяпер і не належыць ніводнай замежнай юрыдычнай асобе або фізычнай асобе», уключаючы Вексельберга або кампанію Renova Group, кантраляваную расейскім мільярдэрам.
Партнэр Вексельберга
Columbus Nova, галаўны офіс якой знаходзіцца ў Нью-Ёрку, зьяўляецца прыватнай кампаніяй, заснаванай у 2000 годзе, згодна зь яе вэб-сайтам і нарматыўным дакумэнтам ЗША.
У сьнежні 2016 году кампанія заявіла, што кіруе актывамі на суму больш чым 15 мільярдаў даляраў.
Фірма таксама мае цесныя сувязі з групай кампаній Renova, якая трапіла пад санкцыі ЗША ў красавіку. Columbus Nova заяўляе, што Renova Group была яе найбуйнейшым кліентам, калі была першапачаткова сфарміравана пад назвай Renova U. S. Management. На сайце Renova Group з моманту ўводу супраць яе санкцый вісіць аб’ява, што ён знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Але сайт раней паказваў Columbus Nova у карпаратыўнай структуры Renova.
У 2007 годзе Камісія ЗША па каштоўных паперах і біржам назвала Columbus Nova «заснаваным у ЗША філіялам групы кампаній Renova, аднаго з найбуйнейшых стратэгічных інвэстараў Расеі ў мэталюргічнай, нафтавай, машынабудаўнічай, горназдабыўной, хімічнай, будаўнічай, жыльлёва-камунальнай і фінансавай сфэрах».
«Кузэн» Вексельберга
Тыя ж самыя файлы Камісіі ЗША па каштоўных паперах і біржам ідэнтыфікуюць грамадзяніна ЗША Эндру Інтратэра як «стрыечнага брата Вексельберга».
Яшчэ 9 траўня сайт Columbus Nova паказваў, што Эндру Інтратэр — «былы дырэктар і цяперашні член выканаўчага савета групы Renova». Яго біяграфія не была даступная на вэб-сайце пазьней у той жа дзень, але архіўная вэрсія старонкі застаецца даступнай.
У 2014 годзе Эндру Інтратэр таксама працаваў у наглядальным савеце «Акадо», маскоўскай тэлекамунікацыйнай кампаніі, якая належыць Renova.
Эндру Інтратэр не адказаў на запыт аб інтэрвію з нагоды дзелавых адносін паміж Columbus Nova і Майклам Коэнам.
Ахвяраваньні на інаўгурацыю Трампа
У адпаведнасьці з заявамі Фэдэральнай выбарчай камісіі ЗША (FEC), Эндру Інтратэр ахвяраваў 250 тысяч даляраў у інаўгурацыйны камітэт Трампа.
Ён таксама вылучыў 35 тысяч даляраў для камітэту па зборы сродкаў, які падтрымлівае кампанію Трампа, паводле заявы FEC. У гэтым запісы пералічаныя працадаўцы Эндру Інтратэра, сярод іх кампанія Renova US Management, LLC, якая таксама вядзе бізнэс як Columbus Nova і / або Columbus Nova Technology Partners, паводле дадзеных Камісіі па каштоўных паперах і біржах ад 2013 году.
Эндру Інтратэр таксама ўнёс 29 600 даляраў у нацыянальны камітэт Рэспубліканскай партыі ЗША ў чэрвені 2017 году, згодна з інфармацыяй Цэнтру адказнай палітыкі, які адсочвае паходжаньне грошай у палітычных кампаніях.
Відэагульня FALLOUT
Сувязі Columbus Nova зь Віктарам Вексельбергам і Renova таксама нарабілі шуму ў сьвеце відэагульняў. У адпаведнасьці з прэс-рэлізам, у 2015 годзе інвэстыцыйная фірма набыла распрацоўшчык відэагульняў Sony Online Entertainment за неназваную суму і пераназвала кампанію ў DayBreak Games. У прэс-рэлізе Джэйсан Эпштейн назваў набыцьцё «выдатным дадаткам» да існуючага партфэлю Columbus Nova ў галіне тэхналёгій, мэдыя і забаўляльных кампаній.
Але DayBreak Games дыстанцыявалася ад Columbus Nova, паколькі міністэрства фінансаў ЗША ў мінулым месяцы наклала санкцыі супраць Віктара Вексельберга і Renova, а таксама іншых расейскіх бізнэсоўцаў, чыноўнікаў і юрыдычных асобаў.
Дадатак да «Групаў нянавісьці»
Газэта «Вашынгтон пост» правяла ўласнае расьсьледаваньне і выявіла, што Columbus Nova значыцца ў якасьці асобы, якая падала заяву аб рэгістрацыі некалькіх сайтаў, у назьве якіх ёсьць alt-right — альтэрнатыўныя правыя, або альт-правыя (гэтыя групы, у асноўным прыхільнікі перавагі белай расы, больш радыкальныя, чым ультраправыя): Alt-right.сo, Alternate-right.com, Alternate-rt.com, Alt-rite.com і таму падобныя.
Ніводзін з гэтых сайтаў у цяперашні час ня дзейнічае, і немагчыма вызначыць, заўважае «Вашынгтон пост», ці былі гэтыя сайты калі-небудзь дзеючымі, але рэгістрацыя адбылася праз два дні пасьля выступу кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Гілары Клінтан у жніўні 2016 году, у якім яна жорстка раскрытыкавала дзеяньні ультраправых груповак.
Па зьвестках газэты, у якасьці фізычнай асобы, якая падала запыт на рэгістрацыю сайтаў, выступіў Фрэдэрык Інтратэр, брат Эндру Інтратэра, які працуе ў Columbus Nova ў якасьці мэнэджэра па дызайне. Прадстаўнік Columbus Nova заявіў газэце «Вашынгтон пост», што Фрэдэрык не выступаў ад імя кампаніі, калі рэгістраваў сайты, нягледзячы на тое, што пісаў з рабочай электроннай пошты і ўнёс імя кампаніі ў рэгістар.
У жніўні 2017 году марш правых радыкалаў у Вірджыніі скончыўся беспарадкамі, загінуў адзін чалавек, каля двух дзясяткаў атрымалі раненьні.