У менскім храме Мікалая Японскага 9 траўня правялі паніхіду па ўсіх, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. А потым «Несьмяротны полк» з гармонікам і ваеннымі песьнямі рушыў ад царквы на гарадзкое сьвята ў парк Уга Чавэса.
Раней у цэнтры Менску адбылося іншае больш масавае шэсьце «Несьмяротны полк», арганізаванае прарасейскімі арганізацыямі. Спачатку зьявілася інфармацыя, што менскія ўлады забаранілі яго, а пасьля нібыта дазволілі.
Што важна ведаць
- Шэсьце ў цэнтры Менску прайшло без затрыманьняў, каля тысячы чалавек несьлі ад Філярмоніі да турнікетаў на плошчы Перамогі партрэты сваіх родзічаў, якія ваявалі ў Другой усясьветнай, партрэты Леніна і Сталіна.
- Лукашэнка паабяцаў арганізаваць шэсьце з партрэтамі ў наступным годзе, але заклікаў не палітызаваць яго.
- Арганізатар акцыі, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Валеры Драко паведаміў 7 траўня, што Менгарвыканкам забараніў акцыю «Несьмяротны полк».
- Узначаліць калёну прапаноўвалі Аляксандру Лукашэнку, але адказу з адміністрацыі не атрымалі.
- Днём 8 траўня ў суполцы «Бессмертный полк. Минск» зьявілася інфармацыя, што шэсьце 9 траўня ў Менску ўзгоднена зь Менгарвыканкамам. Гарадзкія ўлады гэта афіцыйна не пацьвярджалі і не абвяргалі.
Рух «Несьмяротны полк» быў заснаваны ў Расеі ў 2012 годзе і займаецца «захаваньнем асабістай памяці аб пакаленьні Вялікай Айчыннай вайны». Удзельнікі руху штогод праходзяць шэсьцем з партрэтамі сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Другой усясьветнай вайне. Пасьля расейскай акупацыі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе акцыі «Несьмяротны полк» трывала асацыююцца з ідэямі «русского мира».