Францыя больш не патрабуе адмовы Башара Асада ад улады

Башар Асад. Здымак зроблены падчас сустрэчы сырыйскага лідэра з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у Маскве 21 кастрычніка 2015

Парыж ня будзе патрабаваць сыходу прэзыдэнта Башара Асада пры ўрэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі. Пра гэта расказала ў інтэрвію выданьню «Комммерсант» амбасадарка Францыі ў Расеі Сільві Бэрман. «Мы ня будзем вырашаць за сырыйскі народ, але пра патрабаваньне безумоўнага сыходу Башара Асада больш размова не ідзе», заявіла француская дыпляматка.

Паводле Сільві Бэрман, ключавыя прыярытэты Парыжу і Масквы ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Сырыі супадаюць: гэта забесьпячэньне гуманітарнай дапамогі і пошук палітычнага рашэньня, якое б уключала ўсе бакі сырыйскага канфлікту, а таксама невыкарыстаньне хімічнай зброі і барацьба з тэрарызмам.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у інтэрвію францускаму выданьню Journal du Dimanche, апублікаваным 6 траўня, заявіў, што лічыць неабходным падтрымліваць дыялёг з Расеяй. Гэта дазволіла б, на яго думку, пераадольваць пэрыяды крызісаў у дачыненьнях паміж дзяржавамі.

Макрон заявіў, што ён супраць інтэрвэнцыянізму і не жадае ваяваць супраць сырыйскага рэжыму. Ён паўтарыў выказанае раней сьцьвярджэньне, што прычынай удзелу Францыі ў супольных з ЗША і Вялікабрытаніяй ударах па сырыйскіх хімічных аб’ектах стала хімічная атака ў горадзе Дума 7 красавіка. Тады ахвярамі ўжыцьця атрутных рэчываў былі дзясяткі мірных жыхароў.