Паўночная Карэя папярэдзіла Вашынгтон, што цьверджаньне быццам Пхеньян быў вымушаны сесьці за стол перамоваў пад ціскам ЗША, рызыкуе вярнуць сытуацыю ў ранейшае становішча.
Прэс-сакратар міністэрства замежных справаў КНДР абвінаваціў ЗША 6 траўня ў «наўмыснай правакацыі» ў дачыненьні да Пхеньяну і ў спробе падарваць цяперашнюю «атмасфэру дыялёгу».
«ЗША наўмысна правакуюць КНДР у той час, калі сытуацыя на Карэйскім паўвостраве рухаецца да міру і прымірэньня», — сказаў прадстаўнік прэс-службы.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын маюць сустрэцца на працягу найбліжэйшых некалькіх тыдняў. Трамп заявіў 4 траўня, што дата і месца ягонай сустрэчы на найвышэйшым узроўні з Кім Чэн Ынам вызначаныя, але адмовіўся паведаміць дэталі.