Блогеры зьбіралі подпісы за адстаўку кіраўніцтва Берасьцейшчыны. Іх затрымалі

Берасьцейскія блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін

6 траўня блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін зьбіралі подпісы ў цэнтры Берасьця каля гарадзкога кірмашу.

Падчас збору подпісаў каля 13.30 да блогераў падышоў міліцыянт у цывільным, які раней здымаў іх на відэакамэру. Потым падышоў яшчэ адзін мужчына ў цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі Архіпавым і папярэдзіў блогераў, што яны парушаюць заканадаўства аб масавых акцыях.

Блогеры запярэчылі, што збор подпісаў не зьяўляецца масавай акцыяй.

Архіпаў выклікаў яшчэ двух міліцыянтаў у цывільным, якія затрымалі блогераў. Разам зь імі затрыманы яшчэ адзін жыхар Берасьця — Дзьмітры Андрасюк

Збор подпісаў і затрыманьне Сяргей Пятрухін паказваў у жывым эфіры.

Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да Аляксандра Кабанава, ён распавёў, што знаходзіцца зараз разам зь Сяргеем Пятрухіным у Ленінскім РАУС Берасьця і пакуль ня ведае ў чым іх зьбіраюцца абвінаваціць.

Пазьней стала вядома, што затрыманых абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і суткі да суду пратрымалі ў ізалятары. На судзе яны запатрабавалі адваката, і паседжаньне было перанесена на 11 траўня.

Збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў Берасьцейшчыны вядзецца праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Такім чынам людзі выказваюць «недавер чыноўнікам, якія далі дазвол на будаўніцтва акумулятарнага заводу, супраць якога падпісаліся больш за 37 тысяч жыхароў Берасьця».

Акумулятарны завод будуецца непадалёк ад Берасьця, людзі мяркуюць, што ён можа нанесьці шкоду іх здароўю і навакольнаму асяродзьдзю.