У Белым доме пацвердзілі, што канфіскавалі ў лекара ўсе дакументы пра здароўе прэзідэнта, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Былы асабісты лекар прэзыдэнта ЗША заявіў, што ён ніколі не пісаў ліст, у якім сьцьвярджаецца, што Дональд Трамп валодае «незвычайна добрым здароўем». Па словах доктара Гаральда Борнстэйна, тэкст запіскі, апублікаванай у 2015 годзе, Дональд Трамп прадыктаваў яму асабіста.
«Ён надыктаваў цэлы ліст, — паведаміў лекар у інтэрвію тэлекампаніі CNN. — Я не пісаў гэтую запіску, я проста зрабіў выгляд, і падыграў, дзе было неабходна».
У лісьце, аб якім Дональд Трамп паведаміў у сваім «Твітэры» 3 сьнежня 2015 году, гаворыцца, што тагачасны кандыдат у прэзыдэнты валодае «незвычайнай сілай і цягавітасьцю».
«Калі спадар Трамп будзе абраны, я магу сказаць адназначна, што ён стане самым здаровым чалавекам, калі-небудзь абраным на пасаду прэзыдэнта», — кажа запіска, падпісаная доктарам Борнстэйнам.
Цяпер лекар сьцьвярджае, што Дональд Трамп прадыктаваў тэкст ліста, калі доктар і ягоная жонка ехалі ў машыне праз Цэнтральны парк у Нью-Ёрку.
«Гэты ліст — узор чорнага гумару», — лекар Трампа пра даведку аб ягоным здароўі
«Гэты ліст — узор чорнага гумару, — удакладніў у інтэрвію Гаральд Борнстэйн. — У мяне такое пачуцьцё гумару. Гэта падобна на фільм „Фарго“: вы бераце праўду, і разгортваеце яе ў іншым кірунку».
Напярэдадні доктар Борнстэйн заявіў тэлекампаніі NBC, што ў лютым 2017 году былы ахоўнік Дональда Трампа і іншыя супрацоўнікі Белага дома «напалі» на ягоны офіс, канфіскаваўшы ўсе мэдыцынскія дакумэнты і запісы, якія тычацца здароўя прэзыдэнта ЗША.
Падчас брыфінгу для журналістаў у аўторак прэс-сакратар прэзыдэнта Сара Сандэрс паведаміла, што ні пра які «напад» гаворка не ідзе, а канфіскацыя дакумэнтаў была праведзеная ў адпаведнасьці з правіламі, паводле якіх усе дакумэнты пра здароўе прэзыдэнта ЗША павінны быць перададзеныя ў мэдыцынскі офіс Белага дома.
«Выдатнае здароўе»: вынікі мэдагляду Трампа 2018 году
У студзені 2018 году Белы дом апублікаваў вынікі мэдагляду Трампа, у якім лекар Белага дому контар-адмірал Роні Джэксан сьцьвярджае, што «агульны стан здароўя прэзыдэнта выдатны». Тым ня менш, яму не пашкодзіла б скінуць вагу, лепш харчавацца і больш займацца спортам. Лекар таксама заявіў, што Дональд Трамп на «выдатна» прайшоў кагнітыўны тэст і набраў максымальную колькасьць балаў. Дональду Трампу 71 год.
«Я не знайшоў якой-небудзь прычыны меркаваць, што ў прэзыдэнта ёсьць нейкія праблемы з разумовымі працэсамі», — заявіў доктар на прэс-канфэрэнцыі.
Дыскусія аб «разумовай прыдатнасьці» Трампа разгарэлася пасьля выхаду кнігі «Агонь і лютасьць: Белы дом Трампа знутры». Паводле аўтара Майкла Ўолфа, Трамп выглядае неўраўнаважаным і негатовым да прэзыдэнцтва.