ЗША і Вялікая Брытанія пагадзіліся з абвінавачваньнямі Ізраілю на адрас Ірану

Біньямін Нэтаньягу дэманструе іранскі "ядзерны архіў", Тэль-Авіў, 30 траўня 2018 году.

ЗША даўно ведалі пра таемную ядзерную праграму Ірану. Так адрэагаваў Вашынгтон на паведамленьне прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу аб тым, што Іран працягвае вытворчасьць ядзернай зброі насуперак так званай «ядзернай угодзе».

«Гэтыя факты стасуюцца з тым, што даўно вядома Злучаным Штатам: у Ірану ёсьць паўнавартасная таемная ядзерная праграма, якую ён спрабаваў, але ня змог схаваць ад усяго сьвету і ад сваіх уласных грамадзян», — гаворыцца ў заяве Белага дому.

У сваю чаргу, прадстаўнік прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі заявіў, што брытанскі ўрад «ніколі ня быў наіўным што да ядзерных намераў Ірану».

Намесьнік міністра замежных справаў Ірану Абас Аракчы назваў словы Нэтаньягу аб таемных распрацоўках ядзернай зброі Тэгеранам «хлусьнёй» і «недарэчным дзіцячым шоў».

Напярэдадні Біньямін Нэтаньягу паведаміў, што ізраільская выведка мае дакумэнты зь ядзернага архіву Ірану. Паводле Нэтаньягу, гэта 55 тысяч старонак і яшчэ 55 тысяч файлаў на дзьвюх сотнях CD-дыскаў. У іх, як цьвердзіць Ізраіль, захоўваецца інфармацыя аб праекце «Амадэй». І гэтыя дакумэнты нібыта даказваюць: Іран падманваў ўвесь сьвет, сьцьвярджаючы, што згарнуў таемную частку праграмы ўзбагачэньня ўрану.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў пагадненьне з Іранам 2015 году, папярэдзіўшы, што 12 траўня будзе абвешчанае рашэньне Вашынгтону што да далейшага ўдзелу ў гэтым пагадненьні.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель таксама выказваліся апошнім часам аб «іранскай ядзернай дамове». У прыватнасьці, абодва лідэры заявілі, што пагадненьне мае патрэбу ў пэўных «дапаўненьнях».

Іранскі бок падкрэсьліваў: калі пагадненьне ў цяперашнім выглядзе будзе адпрэчанае нейкай зь дзяржаваў, што яго падпісалі, то Іран таксама адмовіцца выконваць сваю частку абавязаньняў.

Пагадненьне 2015 году прадугледжвае зьняцьце сусьветнымі дзяржавамі эканамічных санкцыяў з Ірану ў абмен на адмову Тэгерану ад разьвіцьця вайсковага ядзернага патэнцыялу.