У выніку выбуху ў Кабуле загінулі дзевяць журналістаў. Сярод іх два журналісты Свабоды

На месцы падвойнага тэракту ў Кабуле, 30 красавіка 2018 года

Прынамсі 29 чалавек, у тым ліку дзевяць журналістаў, загінулі ў выніку выбуху ў сталіцы Аўганістану Кабуле. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на афіцыйныя крыніцы.

Паводле дадзеных тэлеканалу, першы выбух адбыўся прыкладна а 8 раніцы па мясцовым часе ў раёне Шаш Дарак. Там разьмешчанае пасольства ЗША і аўганскія ўрадавыя будынкі. Журналісты прыбылі на месца здарэньня.

Другі выбух прагрымеў, калі тэрарыст-сьмяротнік, замаскаваны пад тэлеапэратара, прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне. Гэта адбылося на месцы першага выбуху.

Гібель дваіх журналістаў Абадулы Хананзія и Сабавуна Какара пацьвердзіла Аўганская служба Радыё Свабода. Інфармацыйнае агенцтва France Press паведаміла аб гібелі свайго фатографа. Сярод іншых ахвяраў карэспандэнты Tolonews, 1TV і Mashal TV.

Адказнасьць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», паведамляе агенцтва Associated press.

Побач зь месцам выбуху, акрамя амбасады ЗША, знаходзяцца штаб-кватэра NATO, будынкі ўраду Аўганістану, уключаючы прэзыдэнцкі палац, міністэрства абароны і штаб-кватэра выведслужбаў Аўганістану.