Па сірыйскіх ваенных базах у Хаме і Алепа ўвечары ў нядзелю былі нанесеныя ракетныя ўдары, якія дзяржаўнае тэлебачаньне назвала новай «агрэсіяй» з боку ворага.
Сірыйскія афіцыйныя асобы не паведамілі падрабязнасьцяў аб тым, хто нясе адказнасьць за ўдары, аб нанесенай шкодзе або ахвярах.
Аднак «Сірыйская абсэрваторыя па правах чалавека», якая базуецца ў Вялікабрытаніі, паведаміла, што мішэнямі для ракетнай атакі, як мяркуецца, учыненай Ізраілем, сталі базы, разьмешчаныя паблізу міжнароднага аэрапорта Алепа, а таксама база паблізу Хамы.
Па дадзеных «Абсэрваторыі», у выніку ўдару загінулі 26 праўрадавых жаўнераў, у асноўным, зь іранскіх атрадаў.
Раней у гэтым месяцы была атакаваная сірыйская авіябаза, якую выкарыстоўвае Іран. Тэгеран сьцьвярджае, што падчас нападаў, у якіх падазраюць Ізраіль, сем іранскіх грамадзян былі забітыя.
Ізраіль папярэдзіў, што пры любых падазрэньнях на падрыхтоўку атакі супраць яго тэрыторыі або самалёта ён будзе дзейнічаць рашуча. Ізраіль таксама абвінавачвае Іран ва ўзбраеньні апалчэнцаў «Хэзбала».