На менскай Камароўцы правялі ператрусы

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС правялі шэраг маштабных ператрусаў у адміністрацыйным будынку Камароўскага рынку, паведамілі Sputnik 27 красавіка, крыніцы ў праваахоўных органах.

Ператрусы былі праведзеныя ў адміністрацыі рынку і ў некаторых камэрцыйных фірмах, што там разьмешчаныя, паведаміла крыніца. Пакуль па іх выніках ніхто не затрыманы.

У сярэдзіне красавіка апэратыўнікі ГУБАЗіК узялі пад варту так званага «смотрящего» за Камароўскім рынкам, вядомы ў крымінальных колах як Вася Шыза, якому прад’яўленыя абвінавачваньні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

«Апэратыўнікі ГУБАЗіК праводзяць апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленьне ўсіх фігурантаў справы „смотрящего“. У такіх справах вельмі важна выявіць, хто стаіць за падазраваным і абвінавачаным, выявіць злачынную схему, якая, магчыма, працавала не адзін год», — адзначылі ў праваахоўных органах.

Затрыманы знаходзіцца ў СІЗА, расьсьледаваньне працягваецца.