Армянская апазыцыя правядзе мітынг у Гюмры, дзе знаходзіцца вайсковая база Расеі

Нікол Пашыньян

У Армэніі апазыцыя мае намер у пятніцу правесьці мітынг пратэсту ў Гюмры — у горадзе, дзе знаходзіцца расейская вайсковая база. Мітынгі ў Ерэване ў бліжэйшыя два дні будуць прыпыненыя, заявіў лідэр пратэстнага руху, кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Елк» Нікол Пашыньян.

Пашыньян таксама выказаў гатоўнасьць пачаць перамовы з часовым выканаўцам абавязкаў прэм’ера краіны Карэнам Карапэт’янам. Пры гэтым размаўляць Пашыньян мерыцца толькі ў прысутнасьці журналістаў, «каб грамадзкасьць ведала, што будзе абмяркоўвацца».

У сераду, 25 красавіка, Пашыньян сустрэўся з паслом Расеі ў Армэніі Іванам Валынкіным. Палітык падкрэсьліў, што пратэсты ня носяць антырасейскага характару. Амбасадар Расеі ў сваю чаргу запэўніў, што Масква ня будзе ўмешвацца ў палітычны крызіс у Армэніі.