Прэсавая служба Львоўскага гарсавету паведаміла 25 красавіка, што дэпутатка гарсавету Мар’яна Бацюк, якая прадстаўляе ўкраінскую радыкальную партыю «Свабода», страціла працу: дырэктар школы № 100, дзе яна працавала настаўніцай гісторыі, уручыў ёй загад аб звальненьні і працоўную кніжку.
Раніцай 20 красавіка на старонцы Бацюк у Фэйсбуку зьявіўся запіс, у якім дэпутатка павіншавала зь днём нараджэньня Адольфа Гітлера і напісала: «Вялікі чалавек, як ні круці..».. Пасьля масавага абурэньня з гэтай нагоды пост зьнік.
Бацюк заявіла, што яе старонку ўзламалі, а сама яна не пісала паста. Але калі ў «Гарадзкім цэнтры інфармацыйных тэхналёгій» ёй прапанавалі даць ім копію архіву яе акаўнту ў Фэйсбуку, каб высьветліць, хто менавіта ўзламаў акаўнт, дэпутатка ня стала гэтага рабіць.
Пасьля гэтага Упраўленьне адукацыі Львоўскага гарадзкога савету рэкамэндавала дырэктару школы № 100 звольніць Бацюк, што і было зроблена.
«Мы не дапусьцім, каб у львоўскіх школах працавалі людзі, якія ўслаўляюць тых, хто забіваў мільёны ўкраінцаў, — заявіў з нагоды звальненьня дэпутаткі гарадзкі кіраўнік Львову Андрэй Садавы. — І Гітлер, і Сталін — гэта злачынцы, на руках якіх кроў як нашых продкаў, так і мільёнаў людзей іншых нацый. Калі настаўніца гісторыі гэтага ня ведае — ёй ня месца сярод дзяцей».
***
У ў 1995 годзе ў інтэрвію нямецкай газэце «Гандэльсблат» Аляксандар Лукашэнка сказаў: «Гісторыя Нямеччыны — гэта зьлепак у нейкай ступені гісторыі Беларусі на пэўных этапах. У свой час Нямеччына была паднятая з руін, дзякуючы вельмі жорсткай уладзе вядомага Адольфа Гітлера... Ня ўсё толькі дрэннае было зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам. Нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі, пры Гітлеру гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта... Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну дзякуючы моцнай прэзыдэнцкай уладзе... Нямеччына паднялася дзякуючы моцнай уладзе, дзякуючы таму, што ўся нацыя здолела кансалідавацца і аб’яднацца вакол моцнага лідэра... Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт, яго аўтарытэт, яго вядучая роля выходзяць на гэтым этапе на першае месца... Гэтаму вучыць нас нямецкая гісторыя».
Пазьней кіраўнік Беларусі заявіў, што не гаварыў гэтага.