Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПОЛЬСКІ ЛУКАШЭНКА” ПУБЛІЧНА ПАХВАЛІЎ ГІТЛЕРА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Польскім Лукашэнкам” былога фэрмэра Анджэя Лепэра завуць таму, што ён абяцае пакараць карумпаваных палітыкаў і чыноўнікаў ды выступае супраць, празьмернай свабоды для прэсы, якая, на ягоную думку існуе ў Польшчы.

Цяпер лідэр “Самаабароны” зрабіў тое самае, чым Аляксандар Лукашэнка праславіўся яшчэ на пачатку свайго прэзыдэнцтва – пахваліў Гітлера.

“Адольф Гітлер меў добрую праграму. Ён паставіў на ногі нямецкую гаспадарку ды разабраўся з беспрацоўем”, – сказаў Анджэй Лепэр у інтэрвію газэце “Życie Warszawy”.

У Нямеччыне падобныя выказваньні для палітыка азначаюць палітычную сьмерць, а ў Польшчы за гэта можна атрымаць да двух гадоў турэмнага зьняволеньня.

“Супраць Анджэя Лепэра трэба распачаць крымінальную справу”, “Гэта ганьба, што ў польскім Сэйме ёсьць палітык, які забыўся, кім быў Гітлер”, – гэтак польская прэса камэнтуе словы лідэра “Самаабароны”.

Партыя Анджэя Лепэра знаходзіцца цяпер у Польшчы на другім месцы паводле колькасьці прыхільнікаў. Журналіст беластоцкага тэлебачаньня Мікола Ваўранюк, аднак, лічыць, што гэткія выказваньні Лепэра напэўна не дадуць папулярнасьці яму і ягонай партыі, бо ў Польшчы стаўленьне да Гітлера рэзка адмоўнае.

(Ваўранюк: ) “Лепэр ня першы палітык, які хваліць Гітлера. Раней гэта зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Аднак тут я бачу розьніцу, бо Лукашэнка ўсё ж такі кіруе дзяржавай і ягоных словай трэба асьцерагацца больш, чым палітыка, які толькі змагаецца за ўладу і пры гэтым яшчэ невядома, ці пераможа. Навошта Лепэру былі гэтыя словы? Цяжка, сказаць, бо папулярнасьці яму гэта ня дасьць – у Польчшы стаўленьне да Гітлера рэзка адмоўнае. Я мяркую, што яму залежыць на тым, каб пра яго гаварылі ў мэдыях, а як – добра ці дрэнна, усё адно”.

Паводле некаторых польскіх адмыслоўцаў, Анджэй Лепэр дасягнуў такога становішча на палітычнай сцэне, калі ўжо не істотна, што канкрэтна ён гаворыць. Тыя 20-25% прыхільнікаў, якія ёсьць цяпер, і так будуць яго падтрымліваць, галоўнае – прысутнасьць у мэдыях.

Варта адзначыць, што сам Анджэй Лепэр некалькі разоў, у тым ліку і ў леташнім інтэрвію для радыё Свабода, казаў, што зьбіраецца наведаць Беларусь.

(Лепэр: ) “Я увогуле ня ведаю Лукашэнкі і ніколі, на жаль, ня быў у Беларусі. Зьбіраюся сёлета паехаць, каб даведацца праўду пра гэтую краіну – паразмаўляць з народам і ўладамі”.
XS
SM
MD
LG