У Маскве канчаткова зачынілі Бібліятэку ўкраінскай літаратуры. На гэтым тыдні з будынку, дзе яна разьмяшчалася, зьнікла шыльда, паведамляе УНІАН у суботу, 21 красавіка.
«Калі менавіта зьнялі шыльду, незразумела, але, паводле былых супрацоўнікаў, яшчэ тыдзень таму на доме на адрасе Трыфанаўская, 61 быў надпіс: „Бібліятэка ўкраінскай літаратуры“», — гаворыцца ў паведамленьні.
Акрамя таго заблякаваны сайт бібліятэкі. Пры спробе зайсьці на сайт на адрасе mosbul.ru зьяўляецца надпіс: Выбачайце, але ў гэты момант сайт зачынены на рэканструкцыю.
Будынак бібліятэкі перададзены Дэпартамэнту спорту Масквы, дзе будзе разьмешчаны Цэнтар разьвіцьця турызму Масквы.
«Дэ-факта бібліятэка спыніла сваю працу яшчэ год таму і заставалася толькі шыльда. Частка фондаў установы была адпраўленая ў Бібліятэку замежнай літаратуры, частку выкінулі», — піша выданьне.
У кастрычніку 2015 году ў Бібліятэцы ўкраінскай літаратуры ў Маскве прайшлі ператрусы, падчас якіх было канфіскавана 150 кніг. У дачыненьні да дырэктара ўстановы Натальлі Шарынай была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 282 КК РФ (узбуджэньне нацыянальнай нянавісьці і варожасьці).
У чэрвені 2017 году суд прысудзіў Шарынай чатыры гады пазбаўленьня волі ўмоўна ў крымінальнай справе аб экстрэмізме і растраце. Фігурантка справы сваёй віны не прызнала.