Палітычная сыстэма Расеі застаецца моцна цэнтралізаванай і аўтарытарнай, дамінуючую ролю ў ёй адыгрывае прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
Ваенная акупацыя і спроба анэксіі Крыму нэгатыўна паўплывала на сытуацыю з правамі чалавека на паўвостраве. Расея працягвае ўзбройваць сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, а таксама аказваць ім вайсковую дапамогу. Многія грамадзяне Ўкраіны ў Расеі зьяўляюцца палітвязьнямі.
Найбольш сур’ёзныя выпадкі парушэньняў правоў чалавека ў Расеі ў 2017 годзе былі зьвязаныя з пазасудовымі расправамі, у тым ліку над прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасьці ў Чачні, катаваньнямі і выкарыстаньнем карнай псыхіятрыі, цяжкімі і небясьпечнымі ўмовамі ўтрыманьня ў турмах, выкарыстаньнем «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства для здушэньня іншадумцаў, рэпрэсіямі ў дачыненьні да журналістаў і блогераў, а таксама карупцыяй «на ўсіх узроўнях і паверхах улады».
Такія ацэнкі дадзены ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека ў Расеі, апублікаваным напярэдадні. Асаблівая ўвага ў дакладзе надаецца сытуацыі ў Чачні. У ім падрабязна расказана пра перасьлед і забойствы геяў у гэтай рэспубліцы і пра атмасфэру беспакаранасьці, якой карыстаецца, паводле ацэнкі зьнешнепалітычнага ведамства ЗША, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і яго падначаленыя.
У дакладзе таксама гаворыцца пра выпадкі незаконнага затрыманьня і катаваньняў, падрабязна расказаная гісторыя журналіста Алі Фэруза, якому пагражала дэпартацыя ва Ўзбэкістан. Адзначана, што больш за 100 чалавек ўнесена праваабаронцамі ў сьпіс палітвязьняў.
У дакладзе зьвяртаецца ўвага на перасьледы апазыцыянера Аляксея Навальнага і яго прыхільнікаў. Падрабязна расказана пра абмежаваньні свабоды слова, у тым ліку ў інтэрнэце, а таксама пра абмежаваньні на працу няўрадавых арганізацый, залічаных да так званых «замежных агентаў».
У пятніцу Дзярждэпартамэнт апублікаваў штогадовы даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў 199 краінах і тэрыторыях.