МЗС Беларусі назваў рэзалюцыю Эўрапарлямэнту «штампоўкай»

Прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык

Міністэрства замежных спраў Беларусі пракамэнтавала агенцтву БелаПАН рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту пра Беларусь, у якой беларускія ўлады заклікаюць захоўваць правы чалавека, а таксама вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык адзначыў, што «складальнікі дакумэнту наўрад ці імкнуліся да аб’ектыўнасьці».

«Іх мэты былі не такімі. Таму я думаю, іх ня зьдзівіць, што наша стаўленьне да гэтага дакумэнту будзе такім жа, як і да іншых падобных рэзалюцыяў. Іхная „штампоўка“ цікавая, як відаць, толькі іх аўтарам», — сказаў прэс-сакратар МЗС.

МЗС Беларусі лічыць, што Эўрапарлямэнт «чарговы раз спрабуе гаварыць той мовай, якую ён беспасьпяхова выкарыстоўваў у адрас Беларусі да гэтага больш за 20 гадоў».

Няма месца для мараляў

«Гэта мова таго, хто хоча толькі дэкляраваць, не клапоцячыся пра тое, ці будуць ягоныя словы пачутыя і зразумелыя», — сказаў Мірончык.

Паводле прэс-сакратара, у сёньняшнім дыялёгу паміж Беларусьсю і органамі Эўразьвязу, а таксама яго краінамі-сябрамі такі падыход не апраўдвае сябе.

Мірончык падкрэсьліў, што Беларусь гатовая да ўзаемадзеяньня з Эўрапейскім парлямэнтам у канструктыўным ключы, што не выключае крытыкі. «Аднак у такім дыялёгу няма месца маралям», — дадаў ён.

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі зноў трапіла пад крытыку

19 красавіка на сэсіі ў Страсбуры Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі.

«Хоць Эўразьвяз неаднаразова падкрэсьліваў, што павага да фундамэнтальных свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека ёсьць абавязковай умовай для паляпшэньня і далейшага разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю, сытуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвае выклікаць занепакоенасьць», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У ёй адзначаецца, што ў Беларусі працягваецца практыка запалохваньня і перасьледу грамадзкіх і апазыцыйных актывістаў, палітыкаў, журналістаў. Эўрапарлямэнт шкадуе з нагоды затрыманьня апазыцыйных актывістаў і палітыкаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева, напярэдадні і падчас Дня Волі. Свабода сходаў і асацыяцый ёсьць адной з асноўных свабод чалавека, падкрэсьліваецца ў рэзалюцыі.

Эўрапарлямэнт уладам Беларусі: захоўваць правы чалавека, вызваліць палітвязьняў, разблякаваць «Хартыю-97»