МНС Расеі апублікавала справаздачу пра эвакуацыю пры пажары ў Кемераве

Your browser doesn’t support HTML5

Міністэрства надзвычайных сытуацыяў апублікавала на сваім афіцыйным сайце інфармацыю пра разьлік часу, неабходнага для эвакуацыі з гандлёвага цэнтру «Зимняя вишня» ў Кемераве.

Паводле МНС Расеі, наведнікі гандлёвага цэнтру самастойна маглі выбрацца з будынку толькі ў першыя пяць хвілін пасьля ўзьнікненьня пажару. Мадэляваньне сытуацыі правёў Усерасейскі навукова-дасьледчы інстытут супрацьпажарнай абароны.

Дасьледаваньне ўтрымлівае характарыстыку аб’екта, сцэнар разьвіцьця пажару, матэматычныя разьлікі распаўсюду небясьпечных фактараў пажару.

Пажар у кемераўским гандлёвым цэнтры «Зимняя вишня» адбыўся 25 сакавіка. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 64 чалавекі, у іх ліку больш за 40 дзяцей. Паведамлялася, што ў гандлёвым цэнтры ў момант узгараньня не падзейнічала пажарная сыгналізацыя, а многія эвакуацыйныя выхады былі заблякаваныя. У справе аб пажары арыштаваныя ўжо сем чалавек.