У ААН зарэгістравалі скаргу на забарону пікетаў за незалежнасьць Беларусі

Марш абураных беларусаў у Гомлі, люты 2017. Ілюстрацыйнае фота

Валянтэры гомельскага Цэнтру стратэгічных цяжбаў Ала Раманчык і Натальля Шчукіна атрымалі паведамленьне ад Камітэту ААН па правах чалавека (КПЧ ААН) аб рэгістрацыі 3 красавіка іх сумеснай скаргі. Пра гэта піша gomelspring.org са спасылкай на кіраўніка гомельскага Цэнтру стратэгічных цяжбаў Леаніда Судаленку.

У Арганізацыі аб’яднаных нацый Раманчык і Шчукіна абскардзяць забарону ўладаў на правядзеньне ў Брагіне, Лоеве, Жлобіне і Мазыры пікетаў у падтрымку цэласнасьці і незалежнасьці Беларусі. Раённыя суды і Гомельскі абласны суд, дзе абскарджваліся рашэньні райвыканкамаў, позвы заяўнікаў не ўхвалілі.

«Беларусь не выконвае міжнародныя абавязацельствы, таму што нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах утрымлівае двухсэнсоўныя і неакрэсьленыя нормы, якія могуць тлумачыцца па-рознаму. Таму ў скарзе ў КПЧ ААН мы просім усталяваць ня толькі факт парушэньня правоў чалавека з боку дзяржавы, але і параіць беларускай дзяржаве прывесьці нацыянальнае заканадаўства аб мірных сходах у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязкамі», — заявіў Леанід Судаленка.

Паводле слоў Судаленкі, Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў ужо 268 скаргаў супраць беларускага ўраду, 80 зь іх былі падрыхтаваныя гомельскім Цэнтрам стратэгічных цяжбаў.