2,06 за даляр. Курс беларускага рубля падае на тле абясцэньваньня расейскай валюты

Беларускія грошы

Расейскі рубель працягвае абясцэньвацца на фоне заходніх санкцый. На адкрыцьці таргоў на Маскоўскай біржы эўра перавысіў 80 рублёў — пікавае значэньне ад вясны 2016 году. Яшчэ ўчора за эўра давалі 77 рублёў. Курс даляра ўзьняўся вышэй за 64 рублі — 10 красавіка быў на 1 рубель меншы.

Аслабленьне расейскай валюты адбіваецца і на фінансавым рынку Беларусі — у валютным кошыку Нацыянальнага банку расейскі рубель займае 50% (яшчэ 50% падзелена паміж далярам і эўра).

На адкрыцьці таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр і эўра прадоўжылі рост. Так, эўра вырас адразу на 7 капеек (+2,90%) да 2,56 беларускага рубля. Гэта абсалютны максымум, на пачатку 2016-га эўравалюта каштавала 24 956 рублёў, ці 2,49 дэнамінаваных.

Даляр вырас на 4 капейкі (+2,04%) і дасягнуў 2,06 беларускага рубля. Праўда, да паўтарэньня рэкорду таго ж 2016 году яшчэ далёка — было 22 069 беларускага рубля, ці 2,20 дэнамінаваных.

Расейскі рубель апусьціўся на 3 капейкі — да 3,21 беларускага за 100 расейскіх.