Лукашэнка: Частка функцый павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады

Аляксандар Лукашэнка

10 красавіка Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з журналістамі афіцыйных СМІ ў тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі, прадстаўнікоў недзяржаўных мэдыяў туды не запрасілі.

Напярэдадні кіраўніцтва БТ заклікала гледачоў скарыстаць «унікальную магчымасьць» і дасылаць пытаньні кіраўніку дзяржавы праз электронную пошту — маўляў, той адкажа на самыя арыгінальныя. Радыё Свабода таксама падрыхтавала свае пытаньні да Аляксандра Лукашэнкі.

«Сродкі масавай інфармацыі адным ударам могуць падціснуць так, што становіцца страшна», — распачаў сустрэчу Аляксандар Лукашэнка. Гэтак высока ён ацаніў ролю СМІ ў сучасным сьвеце, дзе на першы плян выходзяць не ўзброеныя сутыкненьні, а інфармацыйныя войны.

Паводле БелТА, Лукашэнка арыентуе беларускія мэдыі на новыя формы працы.

«Падставай да сёньняшняй сустрэчы стаў пачатак новага этапу ў вашай дзейнасьці, — адзначыў ён. — Мы ўсё робім адну справу. Вы ж ня толькі журналісты, але сьвядомыя, адукаваныя, інфармаваныя грамадзяне Беларусі. Далей працаваць па-старому нельга. Я не хачу сказаць, што некалі было дрэнна. Без таго дрэннага не было б і новага этапу».

Гаворачы пра задачы, якія стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, ён сказаў, што частка зь іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ.

«У прыватнасьці, гаворка ідзе аб разьвіцьці айчыннага кантэнту на тэлебачаньні. Пры гэтым сам закон закліканы абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, ілжывай, дэструктыўнай інфармацыі», — патлумачыў ён.

Камэнтуючы пэрспектывы ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю, Лукашэнка адзначыў, што, зь яго пункту гледжаньня, частка функцый павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады. Пры гэтым ён лічыць, што момант для зьмены Канстытуцыі яшчэ не настаў.