Адбыўся пажар у «Вежы Трампа» у Нью-Ёрку. Ёсьць ахвяры

У ЗША 7 красавіка паведамілі пра пажар, які адбыўся ў хмарачосе «Вежа Трамп» (Trump Tower) у Нью-Ёрку. Ёсьць чалавечыя ахвяры.

Як паведамляе ВВС, у выніку пажару загінуў 67-гадовы мужчына, жыхар кватэры ў гэтым будынку з 50 паверху. Менавіта на гэтым паверсе ўзьнік пажар.

Таксама лёгка пацярпелі чацьвёра пажарнікаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які зьяўляецца ўладальнікам хмарачоса, заявіў у твітэры, што пажар быў вельмі абмежаваны. Ён пахваліў пажарных за працу.

Прычына пажару дагэтуль невядомая.

У гэтым будынку знаходзіцца офіс Трампа як прадпрымальніка, там жа ёсьць і яго ўласнае жыльлё. Але пасьля абраньня на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2017 года, Дональд Трамп рэдка бывае ў Нью-Ёрку.

Па паведамленьнях выратавальных службаў, членаў сям’і Трамп не было ў доме падчас пажару, сам ён таксама ў той час быў у Вашынгтоне.