У Польшчы пачнецца суд за гандаль людзьмі. Пацярпелі некалькі тысячаў беларусаў і ўкраінцаў

Акруговая пракуратура Варшавы накіравала ў суд справу аб гандлі людзьмі. Двое абвінавачаных ад ліпеня 2015 да кастрычніка 2016 года наймалі беларусаў і ўкраінцаў на працу ў грамадзкім харчаваньні і ўтрымлівалі іх у рабскіх умовах.

Пра гэта піша сайт акруговай пракуратуры Варшавы. Як высьветліла пракуратура, Барыс С. і Міраслаў К. — арганізатары злачыннай схемы — карысталіся крытычным фінансавым становішчам людзей, вэрбавалі іх у Беларусі і Украіне, а затым прывозілі іх у Польшчу пад выглядам надзейнай і добрааплатнай працы.

Завэрбаваныя замежнікі, ня ведаючы як дзейнічаюць у Польшчы законы аб працаўладкаваньні, былі вымушаныя працаваць ва ўстановах грамадзкага харчаваньня ў Варшаве па 350 гадзінаў на месяц. Праз шматлікія «штрафы», заробак ім плацілі не своечасова і ня ў поўным аб’ёме. Пры гэтым людзі баяліся зьвяртацца ў праваахоўныя органы, баючыся страціць ужо заробленыя грошы.

На нанятых беларусаў і ўкраінцаў таксама аказвалі псыхалягічны ціск. Некаторых прымушалі падпісваць расьпіскі аб атрыманьні грошай у доўг, чым яшчэ больш заганялі ў фінансавую залежнасьць. Людзі жылі ў гатэлях для рабочых і на прыватных кватэрах на тэрыторыі Варшавы, арандаваных арганізатарамі злачынства. Жыльлёвыя ўмовы ў гэтых памяшканьнях сьледчыя назвалі «скандальнымі». Акрамя таго, іх жыцьцё было пад поўным кантролем гандляроў людзьмі.

Падазраваны, Барыс С., прызнаў цалкам віну і патлумачыў схему, па якой працавала арганізацыя. Ён пачаў працу ў рэстарацыі Міраслава К. у 2015 годзе спачатку як звычайны рабочы. Потым Міраслаў К. прапанаваў яму пасаду «наглядчыка» над іншымі рабочымі. Сам Міраслаў не прызнае віну.

Арганізатарам пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.