У Расеі адрэагавалі на новыя санкцыі ЗША

У камітэце Савету Фэдэрацыі па міжнародных справах новыя абмежаваньні назвалі «бязьмежжам». Сакратар Савета Бясьпекі Мікалай Патрушаў заявіў, што санкцыі ЗША гэта «іх справа». Пры гэтым ён адзначыў, што Крэмль працягне кантакты з Вашынгтонам.

Віцэ-сьпікер Дзяржаўнай думы Пётар Талстой назваў уведзеныя абмежаваньні «злым і бессэнсоўным крокам у нікуды». Іншы дэпутат Дзярждумы — кіраўнік камітэту па міжнародных справах Леанід Слуцкі — сьцьвярджае, што «для чарговага пашырэньня санкцый ЗША не было ніякіх зразумелых прычын або вытлумачальных падстаў».

Кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер палічыў ўключэньне ў санкцыйныя сьпісы доказам правільнасьці сваіх дзеяньняў. Кіраўнік банка ВТБ Андрэй Косьцін, у сваю чаргу, заявіў, што ён «пакараны» Вашынгтонам, таму што «амэрыканская адміністрацыя разглядае палітыку ўрада Расеі як няправільную».

У Расгвардыі заявілі, што ўключэньне кіраўніка ведамства Віктара Золатава ў санкцыйны сьпіс амэрыканскага Міністэрства фінансаў «не паўплывае на выкананьне войскамі Нацыянальнай гвардыі службова-баявых задач». З падобнай заявай выступілі і ў Раскамнаглядзе. У Крамлі новыя абмежаваньні пакуль не пракамэнтавалі.

ЗША ў пятніцу ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да 24 грамадзян Расеі і 14 кампаній. Сярод тых, хто трапіў пад абмежаваньні, — мільярдэры Алег Дзерыпаска, Віктар Вексельберг, Сулейман Керымаў, Ігар Ратэнберг і Кірыл Шамалаў, кіраўнік ВТБ Аляксей Косьцін, кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер, сакратар Рады Бясьпекі Мікалай Патрушаў, кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў, кіраўнік МУС Расеі Ўладзімір Калакольцаў, кіраўнік Раскамнагляду Аляксандр Жараў.